Папа ўзначаліць св. Імшу ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай
“Cёння, падчас літургічнай цэлебрацыі ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай, папросім, каб Яна суправаджала нас на шляху да Божага Нараджэння і распаліла ў нас жаданне з радасцю прыняць святло яе Сына Езуса, каб дапамагчы яму ўсё больш і больш ззяць у цемры свету”, - заклікаў Папа.
Эўхарыстыя пройдзе вечарам 12 снежня 2018 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра, пры ўдзеле кардыналаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў з краін Лацінскай Амерыкі. Пантыфік будзе цэлебраваць яе на іспанскай мове. Музычна суправаджаць літургію будуць хоры Папскай музычнай Сікстынскай капэлы і Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума.
Упершыню ўрачыстая св. Імша ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай прайшла ў базыліцы св. Пятра ў 2011 г. Яе цэлебраваў папа Бэнэдыкт XVI з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Францішак узначальвае літургію кожны год з моманту свайго абрання.
Маці Божая Гвадэлупская з’яўляецца апякункай усяго “лацінаамерыканскага свету”. Яе цудатворны абраз захоўваецца ў аднайменным санктуарыі ў Мехіка. Штогадова яго наведваюць каля 14 мільёнаў пілігрымаў з розных частак свету. Францішак маліўся тут 13 лютага 2016 г., падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Мексіку.