Шэсць гадоў таму пачаў дзейнічаць Twitter Пантыфіка
Перад актывацыяй профілю @Pontifex, 3 снежня 2012 г. быў створаны хэштэг #AskPontifex, які дазволіў задаць пытанне непасрэдна Пантыфіку. Ініцыятыва мела вялікі поспех. А праз дзевяць дзён, пасля агульнай аўдыенцыі, Бэнэдыкт XVI апублікаваў свой першы твіт. Гэта былі словы: “Дарагія сябры, з радасцю яднаюся з вамі праз Twitter. Дзякую вам за шматлікія адказы. Сардэчна вас благаслаўляю”.
Нараджэнне папскага Twitter адбылося амаль праз 82 гады пасля першага паведамлення Пія XI на Ватыканскім радыё.
З самага пачатку дзейнічалі восем версій профілю @Pontifex: англійская, французская, іспанская, нямецкая, польская, партугальская, італьянская і арабская, а 17 студзеня 2013 г. бала дададзена лацінская.
Ужо 15 студзеня 2013 г. за папскімі твітамі сачылі 2 мільёны карыстальнікаў, праз месяц іх было ўжо 3 мільёны. 28 лютага, калі Бэнэдыкт XVI афіцыйна завяршыў свой пантыфікат, дзейнасць профілю была часова прыпынена.
Францішак аднавіў працу @Pontifex праз чатыры дні пасля абрання, даслаўшы 17 сакавіка сваё першае кароткае паведамленне. У канцы 2013 г. профіль меў ужо 10 мільёнаў падпісчыкаў. На сённяшні дзень іх каля 50 мільёнаў. Большасць з іх – на англійскай і іспанскай версіях.