Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце 

Папа пра трагедыю абортаў, цэлібат і сексуальнае выхаванне

Аборты, сексуальнае выхаванне, цэлібат – гэта некаторыя тэмы прэс-канферэнцыі Папы, якая прайшла падчас пералёту з Панамы ў Рым. Размова з журналістамі працягвалася каля 50 хвілін.

“Мая місія – гэта місія св. Пятра, якая заключаецца ва ўмацаванні ў веры”, - сказаў Пантыфік, адказваючы на пытанне пра тое, якія наступствы будзе мець яго візіт у Панаму. “Я не магу падвесці рахунак місіі. Я станаўлюся перад Панам на малітве, заношу да Яго ўсё, што перажыў, і прашу Яго, каб умацоўваў у веры праз мяне. Вось так я намагаюся жыць місіяй Папы”, - дадаў Святы Айцец.

У сувязі з вялікай колькасцю выпадкаў ранняй цяжарнасці ў Панаме, Папу спыталі пра адносіны да сексуальнага выхавання ў навучальных установах. “Я думаю, што ў школах трэба даваць сексуальнае выхаванне. Секс – гэта Божы дар, а не монстр. Ён з’яўляецца Божым дарам, прызначаным для любові, але калі нехта выкарыстоўвае яго, каб зарабляць грошы ці злоўжываць іншымі, гэта ўжо іншая праблема”, - сказаў Папа.

“[Сексуальнае выхаванне трэба даваць аб’ектыўна, без ідэалагічных каланізацый. Таму што, калі ў школах даецца сексуальнае выхаванне, прасякнутае ідэалагічнай каланізацыяй, знішчаецца асоба]”

, - дадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што выхоўваць – значыць раскрываць лепшае ў чалавеку і суправаджаць яго. Для гэтага неабходны адпаведныя настаўнікі і падручнікі. “Я бачыў розныя: ёсць тыя, якія дапамагаюць сталенню, а ёсць такія, якія робяць шкоду”, - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што ў ідэале сексуальнае выхаванне павінна пачынацца дома, яго павінны даваць бацькі. “Гэта, аднак, не заўсёды магчыма па прычыне розных сямейных сітуацый ці таму што яны не ўмеюць гэтага рабіць”, - падкрэсліў Францішак.

Адзін з журналістаў папрасіў Папу пракаментаваць моцныя словы з асуджэннем абортаў, якія прагучалі падчас Крыжовага шляху ў Панаме. Ён спытаў: ці гэта пазіцыя паважае пакуты жанчын і ці адпавядае пасланню аб міласэрнасці?

“Пасланне міласэрнасці – для ўсіх,  у тым ліку для асобы, якая развіваецца ва ўлоніі. І пасля гэтага падзення таксама існуе міласэрнасць. Але гэта няпростая міласэрнасць, бо праблема не ў тым, каб даць прабачэнне, але, каб суправаджаць жанчыну, якая ўсвядоміла, што зрабіла аборт. Гэта жудасная драма, калі жанчына асэнсоўвае тое, што ўчыніла... Трэба быць у канфесіянале, там трэба даваць суцяшэнне, і таму я дазволіў усім святарам адпускаць грэх аборту”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, жанчына, якая зрабіла аборт, павінна “сустракацца” са сваім дзіцяткам. “Калі гэтыя жанчыны плачуць і перажываюць гора, я даю ім такую параду: тваё дзіця на нябёсах, размаўляй з ім, праспявай яму калыханку, якую не магла яму праспяваць. У гэтым знаходзіцца шлях прымірэння паміж маці і дзіцяткам. З Богам, прымірэнне ўжо адбылося, таму што Бог прабачае заўсёды. Але яна таксама павінна ўсвядоміць тое, што здарылася. Каб добра зразумець трагедыю аборта, трэба знаходзіцца ў канфесіянале. Яна жудасная”, - дадаў Пантыфік.

Фрагмент прэс-канферэнцыі Папы

Чарговае пытанне тычылася прычын аддалення моладзі ад Касцёла. Францішак заўважыў, што галоўная – гэта адсутнасць належнага сведчання з боку вернікаў, святароў і біскупаў. “Не кажу з боку Папаў, бо гэта занадта, але ... таксама і гэта”, - падкрэсліў ён.

“Калі пастыр становіцца прадпрымальнікам ці арганізатарам душпастырскага плану, калі ён не блізкі да людзей, тады не дае сведчанне пастыра. Пастыр павінен быць з народам. Пастыр павінен быць наперадзе статку, каб указваць шлях. Ён павінен быць унутры статку, каб адчуваць пах людзей і разумець, што адчуваюць людзі, у чым маюць патрэбу. А таксама ён павінен быць напрыканцы статку, каб ахоўваць яго з тылу. Але калі пастыр жыве без запалу, людзі адчуваюць сябе пакінутымі, у пэўным сэнсе адчуваюць, што імі пагарджаюць, адчуваюць сябе сіротамі”, - перакананы Святы Айцец.

Папа таксама звярнуў увагу на адказнасць свецкіх вернікаў. “Свецкім я параіў бы: не кажы, што з’яўляешся католікам, калі не даеш сведчання. Замест гэтага можаш сказаць: я атрымаў каталіцкае выхаванне, але я непрактыкуючы, я жыву ў духу гэтага свету, не глядзіце на мяне як на прыклад”, - заўважыў Францішак.

Святога Айца спыталі таксама аб магчымасці адмены цэлібата для святароў лацінскага абраду. “Мне прыходзяць на думку словы св. Паўла VI: “Аддаю перавагу таму, каб аддаць жыццё, перш чым змяніць закон аб цэлібаце”. Заўважце, што гэта вельмі мужныя словы, прамоўленыя ў 1968-1970 гг., у перыяд больш складаны, чым актуальны. Асабіста я лічу, што цэлібат з’яўляецца дарам для Касцёла і не пагаджуся з тым, каб дазволіць факультатыўны цэлібат”, - адказаў ён.

Папа дапусціў дыскусію аб гэтым пытанні толькі ў некаторых выключных сітуацыях і душпастырскіх патрэбах, напрыклад, якія існуюць на далёкіх астравах у Акіяніі, дзе цалкам адсутнічаюць святары.

“[Маё рашэнне адносна факультатыўнага цэлібату: не! Я закрыты? Магчыма, але я не адчуваю сябе здольным стаць перад Богам з гэтым рашэннем]”

, - дадаў ён.

Адказваючы на просьбу пракаментаваць лютаўскую сустрэчу старшынь епіскапатаў на тэму абароны непаўналетніх Францішак заўважыў, што яна павінна стаць “катэхезай” для біскупаў, якая пасадзейнічае ўсведамленню трагедыі злоўжыванняў, а таксама пазнаёміць з тым, як рэагаваць на падобныя з’явы.

Святы Айцец зазначыў, што гаворка ідзе не толькі пра касцёльную, але пра агульначалавечую праблему, якая разпаўсюджана паўсюль. “Таксама і мы, вырашаючы праблему ў Касцёле, дапаможам вырашыць яе ў грамадствах і сем’ях, дзе ўсё затойваецца па прычыне сораму”, - дадаў ён.

 

 

28 студзеня 2019, 15:04