Папа Францішак Папа Францішак 

Папа перад візітам у ААЭ: мы браты, хоць і розныя

“Мы браты, хоць і з’яўляемся рознымі”, - падкрэсліў Папа ў відэа-пасланні, якое скіраваў з нагоды свайго Апостальскага падарожжа ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, што пройдзе 3-5 студзеня 2019 г.

Вера ў Бога “яднае, а не дзеліць, збліжае, нягледзячы на тое, што мы захоўваем адметнасці, аддаляе ад варожасці і саперніцтва”, заўважыў Пантыфік. Францішак назваў свой візіт нагодай, каб пачаць пісаць “новую старонку гісторыі ў адносінах паміж рэлігіямі”.

Святы Айцец пачаў свой зварот традыцыйным мусульманскім прывітаннем: “Al Salamu Alaikum” – “Супакой вам”. Ён прызнаўся, што адчувае сябе шчаслівым у сувязі з магчымасцю наведаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – краіну, “якая імкнецца быць прыкладам мірнага суіснавання, чалавечага братэрства і сустрэчы паміж рознымі цывілізацыямі і культурамі, дзе шмат людзей знаходзяць надзейнае месца для працы і свабоднага жыцця, у павазе да адметнасцей”.

Відэапасланне Святога Айца

Францішак падзякаваў шэйху Мухамеду бэн Заіду Аль Нахаянаму за запрашэнне прыняць удзел у міжрэлігійнай сустрэчы на тэму “Братэрства паміж людзьмі”, якая адбудзецца 4 студзеня 2019 г. у “Мемарыяле заснавальнікаў” у Абу-Дабі. Ён выказаў удзячнасць іншым прадстаўнікам уладаў Арабскіх Эміратаў за “выдатнае супрацоўніцтва, шчодрую гасціннасць і братэрскую адкрытасць”.

Святы Айцец таксама падзякаваў “сябру і дарагому брату, Вялікаму імаму ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмеду Аль-Таебу і ўсім, хто супрацоўнічаў у падрыхтоўцы сустрэчы” за адвагу і жаданне дэманстраваць, што вера ў Бога мае здольнасць аб’ядноўваць, а не сеяць падзелы.

Падчас візіту Францішак сустрэнецца з уладамі, прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы, правядзе св. Імшу для католікаў, мясцовых і з-за мяжы.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 студзеня 2019, 11:26