Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Францішак: у слове “Абба” гучыць голас Езуса

Нават у складаныя моманты, калі крочым “па далёкіх ад Бога сцяжынах”, “пакінутыя светам”, “паралізаваныя пачуццём віны”, варта знайсці сілы для малітвы, звяртаючыся да Бога: “Абба, Ойча”, заклікаў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 студзеня 2019 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”. Сваю ўвагу ён засяродзіў на значэнні арамейскага слова “Абба”, якім св. Павел заклікае звяртацца да Бога. У ім утрымліваецца ўся навізна Евангелля, перакананы Пантыфік.

“[Пазнаўшы Езуса і пачуўшы Яго пропаведзь, хрысціянін больш не лічыць Бога тыранам, Якога трэба баяцца, ужо не баіцца Яго, але адчувае, што ў яго сэрцы нараджаецца давер: ён можа размаўляць з Творцам, называючы Яго “Ойча”. Гэты выраз настолькі важны для хрысціян, што часта застаецца нязменным у сваёй арыгінальнай форме: “Абба]”

, - заўважыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на той факт, што ў Новым Запавеце рэдка можна сустрэць арамейскія словы, не перакладзеныя на грэчаскую мову. Слова “Абба” – адно з іх. “Мы павінны ўявіць, што ў гэтых арамейскіх словах быў “запісаны” нібыта голас самога Езуса, аказана пашана ідыёме Езуса. У першым слове “Ойча наш” мы адразу знаходзім радыкальную навізну хрысціянскай малітвы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец патлумачыў, што слова “Абба” выражае надзвычай блізкія і шчырыя адносіны. І хоць у галоўнай хрысціянскай малітве яно перакладзена як “Ойча”, “мы закліканы, каб у сэрцы казаць “татуля”, каб нашы адносіны з Богам былі падобнымі да адносін дзіця і таты”.

“[Вядома, гэтыя словы нагадваюць пра любоў, цяпло, штосьці, што пераносіць нас у атмасферу дзяцінства: вобраз дзіця, якое знаходзіцца ў абдымках такога бацькі, які адчувае бясконцую ласкавасць да яго. Таму, дарагія браты і сёстры, каб добра маліцца, трэба мець дзіцячае сэрца. Не сэрца чалавека самадастатковага, паколькі так немагчыма маліцца добра, але сэрца дзіцяці, якое знаходзіцца на руках у свайго бацькі, свайго таты, свайго татулі]”

, - падкрэсліў Францішак.

Папа заклікаў вернікаў уявіць, як малітву “Ойча наш” прамаўляў бы блудны сын з евангельскай прыпавесці, знаходзячыся ў абдымках свайго бацькі. Гэта дазволіць зразумець, што ў Богу ёсць толькі верная і надзейная любоў, перакананы ён.

“Бог цябе шукае, нават калі ты Яго не шукаеш. Бог цябе любіць, нават калі ты пра Яго забыўся. Бог бачыць у табе прыгажосць, нават калі думаеш, што змарнаваў усе свае таленты. Бог – не толькі Айцец. Ён як маці, якая ніколі не перастае любіць сваё стварэнне. З іншага боку, існуе пэўны “перыяд цяжарнасці”, які трывае вечна, значна даўжэй за дзевяць месяцаў фізічнай цяжарнасці, які выклікае бясконцы кругаварот любові”, - дадаў Святы Айцец.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што Бог ніколі не хавае свайго аблічча, ніколі не замыкаецца ў маўчанні, але застаецца верным сваёй любові і ўвесь час чакае чалавека, нягледзячы на яго грахі. Менавіта гэта дазваляе нам звяртацца да Яго без страху: “Ойча!”.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2019, 12:47