Прадстаўлены лагатып візіту Папы ў Марока
Галоўнымі элементамі лагатыпа з’яўляюцца крыж і паўмесяц – сімвалы хрысціянства і іслама. У эмблеме выкарыстаны чатыры колеры: чырвоны і зялёны – колеры сцягу Марока, а таксама жоўты і белы – колеры сцягу Ватыкана.
Візіт Святога Айца пройдзе 30-31 сакавіка 2019 г. пад дэвізам “Слуга надзеі”. Ён напісаны ў ніжняй частцы лагатыпу, разам з імем Пантыфіка, датай і назвай паўночнаафрыканскай краіны на французскай і арабскай мовах.
Пілігрымка Папы ў Марока будзе праходзіць па запрашэнні караля Мухамеда VI і мясцовых біскупаў. Святы Айцец наведае тут два гарады: Рабат і Касабланку.
Францішак будзе знаходзіцца ў Марока праз 33 гады пасля візіту ў гэту мусульманскую краіну св. Яна Паўла ІІ, які меў велізарнае значэнне для развіцця дыялогу паміж вызнаўцамі хрысціянства і ісламу.