Святы Айцец заклікаў да ўдзячнасці за сакрамэнт хросту
“Сёння раніцай, у свята Хросту Пана, паводле звычаю, я меў радасць удзяліць сакрамэнт хросту групе дзяцей. Мы молімся за іх і за іх сем’і. І, з гэтай нагоды, я чарговы раз запрашаю ўсіх заўсёды захоўваць жывой і актуальнай памяць аб сваім уласным хросце. У ім знаходзяцца карані нашага жыцця ў Богу, карані нашага вечнага жыцця, якое Езус Хрыстус даў нам праз сваё Уцелаўленне, Муку, Смерць і Уваскрасенне”, - сказаў Пантыфік.
Ён таксама нагадаў, што з святам Хросту Пана завяршаецца святочны літургічны перыяд. “Заўтра, пасля завяршэння часу Божага Нараджэння, мы адновім падарожжа па літургічным Звычайным перыядзе. Як Езус пасля свайго хросту, давайце і мы дазволім кіраваць Святому Духу ўсім, што мы робім. Але для гэтага мы павінны запрасіць Яго! У нашыя дні варта вучыцца часцей звяртацца да Святога Духа, каб жыць з любоўю звычайнымі рэчамі, і такім чынам зрабіць іх надзвычайнымі”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Францішак.