Святы Айцец: любоў дае паўнату ўсяму
Цэлебрацыя стала падзякай Богу на мінулы год. Па традыцыі на яе заканчэнне адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і быў праспяваны гімн “Te Deum”. Затым Пантыфік наведаў цэнтр для бедных і яслі на плошчы св. Пятра.
У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што ў апошнія гадзіны году “мы адчуваем патрэбу ў чымсьці, што напоўніла б час значэннем”. Лепш сказаць “кімсьці”, якім з’яўляецца Езус Хрыстус, удакладніў ён.
Езус вызваліў “беспрэцэндэнтную сілу, якая працягвае трываць і будзе трываць на працягу ўсёй гісторыі”. І гэта сіла называецца Любоўю. Гэта любоў дае паўнату ўсяму, нават часу; а Езус з’яўляецца “канцэнтрацыяй” усёй Божай любові ў чалавечай істоце, сцвердзіў Францішак.
Папа звярнуў увагу на існаванне вялікай колькасці людзей, што патрабуе гэтай любові. У першую чаргу тых, хто жыве ва ўмовах, нягодных чалавека. Спасылаючыся на сітуацыю ў Рыме, ён з горыччу заўважыў, што тут налічваецца каля 10 тыс. бяздомных.
“Зімой іх сітуацыя асабліва цяжкая. Яны ўсе з’яўляюцца сынамі і дочкамі Бога, але розныя формы няволі, часам вельмі складаныя, прывялі да таго, што яны вымушаны жыць на мяжы чалавечай годнасці. Таксама і Езус нарадзіўся ў падобнай сітуацыі, але не выпадкова, не праз выпадак: Ён пажадаў нарадзіцца так, каб прадэманстраваць Божую любоў да малых і бедных, і такім чынам кінуць у свет зерне Божага Валадарства, Валадарства справядлівасці, любові і міра, дзе ніхто не будзе рабом, а ўсе будуць братамі, дзецьмі адзінага Айца”, - сказаў Пантыфік.