Архімандрыт Сяргей Гаек адзначыў 70-гадовы юбілей
Айцец Сяргей нарадзіўся 8 лютага 1949 г. у Лышкавіцах Лодзкага ваяводства ў Польшчы. У жніўні 1967 г. уступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Доктарскую дысертацыю абараніў у Папскім усходнім інстытуце.
Праз знаёмства з беларускім марыянінам Тамашам Падзявай глыбока зацікавіўся рэлігійным і культурным жыццём Беларусі. Кантактаваў з беларускім асяродкам у Лондане, у тым ліку з епіскапам Чэславам Сіповічам.
У студзені 1994 г. Ян Павел ІІ прызначыў айца Сяргея Гаека Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. У 1996 г. ён атрымаў годнасць архімандрыта. З 1997 г. з’яўляецца кансультантам Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў.
Беларуская рэдакцыя Vatican News шчыра віншуе юбіляра, жадаючы Божага благаслаўлення і шматлікіх плёнаў на ніве рэлігійнага і духоўнага адраджэння Беларусі.