Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак у цэнтры для мігрантаў: Езус стукае ў нашы дзверы

Дзякаваць “іншым” за тое, што стукаюць у нашы дзверы, даючы нам магчымасць перамагчы страх перад тым, каб сустрэць, прыняць і дапамагчы самаму Езусу, заклікаў Папа.

15 лютага 2019 г. Святы Айцец наведаў цэнтр прыняцця мігрантаў і бежанцаў “Fraterna Domus” у Сакрофано, недалёка ад Рыма. Візіт быў прымеркаваны да адкрыцця канферэнцыі на тэму “Свабодныя ад страху”, арганізаванай фондам “Migrantes”, італьянскай “Caritas” і езуіцкім “Centro Astalli”.

У мясцовым касцёле Пантыфік цэлебраваў св. Імшу, падчас якой нагадаў як “Майсей заклікаў народ не баяцца, таму што Пан ёсць з ім”. Тое самае казаў вучням Езус, якія не пазналі Яго, калі ішоў па вадзе. Гэта біблійныя ўрыўкі, праз якія Бог прамаўляе да нас сёння, падкрэсліў Францішак.

“[Пан прамаўляе да нас сёння і просіць, каб дазволілі Яму вызваліць нас ад нашых страхаў. “Свабодныя ад страху” – гэта тэма, якую вы выбралі для вашай сустрэчы. Перад абліччам зла і бруду нашага часу, таксама і вы, як народ Ізраэлю, сустракаецеся са спакусай адмаўлення ад нашай мары пра свабоду]”

, - заўважыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што страх знаходзіцца ля вытокаў рабства. "Ён знаходзіцца таксама ля вытокаў кожнай дыктатуры, таму што страх народу ўмацоўвае насілле дыктатараў", - дадаў Папа. 

Рэпартаж з візіту ў цэнтр "Fraterna Domus"

Святы Айцец падкрэсліў, што страх перад абліччам сітуацый, якія здаюцца безвыходнымі, з’яўляецца зразумелым і ніякіх чалавечых слоў не будзе дастаткова, каб пераадолець яго, пакуль не здолеем адчуць прысутнасць Бога і даверыцца Божаму Провіду. Таму важна памятаць словы Езуса, Які кажа, што гэта Ён сам стукае ў нашы дзверы.

“Сустрэча з іншым, з’яўляецца таксама сустрэчай з Хрыстом. Гэта нам сказаў Ён сам. Гэта Ён стукае ў нашыя дзверы галодны, спрагнёны, падарожны, голы, хворы і зняволены, просячы, каб сустрэлі і дапамаглі Яму. А калі маем яшчэ пэўныя сумневы, вось Яго выразныя словы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, - нагадаў Францішак.

“[Хрыстус надалей працягвае сваю руку, каб збавіць нас і дазволіць сустрэцца з Ім, каб адбылася сустрэча, якая збавіць нас і вярне нам радасць быцця Яго вучнямі]”

, - дадаў ён.

Напрыканцы гаміліі Папа падкрэсліў, што людзі, якія спазналі радасць гэтай сустрэчы, пакліканы абвяшчаць яе з дахаў, адкрыта, каб дапамагчы іншым зрабіць тое самае, адкрываючыся на сустрэчу з Хрыстом і Яго збаўленнем.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лютага 2019, 16:27