Пантыфік да “Кола св. Пятра”: вы – рука Папы, працягнутая бедным
Сустрэча была прымеркавана да 150-годдзя асацыяцыі, заснаванай у 1869 г. групай рымскай моладзі, якая мела жаданне канкрэтным чынам падтрымліваць Пантыфіка і сведчыць яму вернасць. Гэта было асабліва важна ў той перыяд, калі існавалі цяжкасці паміж Касцёлам і дзяржавай.
“Гэта вернасць выявілася ў жэстах салідарнасці на карысці беднякоў Рыма; такім чынам Кола стала longa manus Папы ў адносінах да самых абяздоленых слаёў насельніцтва”, - нагадаў Святы Айцец.
Францішак высока ацаніў той факт, што за гады існавання “Кола св. Пятра” не змяніліся яго галоўныя прынцыпы, заключаныя ў трох словах: малітва, дзеянне, служэнне. Ён заўважыў, што ад вернасці гэтым характэрным рысам залежыць апостальская жыццядайнасць і будучыня асацыяцыі.
Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важнасць малітвы. “Калі ў браце, якога сустракаем, прысутнічае Езус, тады валанцёрская дзейнасць можа стаць досведам сустрэчы з Богам і малітвы. Не забывайцеся пра сілу і важнасць малітвы для вас і для ўсіх, хто займаецца дабрачыннай працай: яна патрабуе падмацавання належнымі малітоўнымі перапынкамі і слуханнем Божага слова. Таямніца эфектыўнасці кожнага вашага праекту – гэта вернасць Хрысту і асабістыя адносіны з Ім у малітве. Так, вы будзеце здольнымі дапамагаць тым, хто жыве ў сітуацыі нястачы ці пакінутасці. Наша штодзённае жыццё павінна быць прасякнута прысутнасцю Езуса, да вачэй Якога мы павінны заносіць у тым ліку і пакуты хворых, самотнасць пажылых, страхі бедных, безабароннасць адрынутых”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей рэагаваць на новыя формы беднасці і клапаціцца пра тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, незалежна ад іх веравызнання, паходжання ці іншых фактараў.