Пантыфік да місіянераў: шмат людзей яшчэ не ведае Езуса
8 лютага 2019 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі законнікаў з Таварыства Місіянераў Афрыкі і законніц з кангрэгацыі Місіянерак Маці Божай Афрыканскай. Сустрэча была прымеркавана да 150-годдзя заснавання гэтых манаскіх супольнасцей арцыбіскупам Алжыра, кардыналам Шарлем Лавіжэры.
“Наследуючы вашага заснавальніка, вашай першай турботай, вашым святым неспакоем, з’яўляецца той факт, што “столькі нашых братоў жыве без моцы, святла і суцяшэння, якое паходзіць ад сяброўства з Езусам Хрыстом, без супольнасці веры, якая б іх прыняла, без перспектывы сэнсу і жыцця”, - нагадаў сваім гасцям Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што абвяшчэнне Евангелля ніколі на павінна ператварацца ў празелітызм.
“Гэта тая дынаміка, якая вядзе да блізкасці з іншымі, каб дзяліцца з імі атрыманым дарам, сустрэчай любові, што змяніла ваша жыццё і падштурхнула прысвяціць яго Пану Езусу, Евангеллю жыцця і збаўленню света. Менавіта праз Яго, з Ім і ў Ім можна жыць місіяй. Таму, заклікаю вас мець позірк, скіраваны на Езуса Хрыста, каб ніколі не забывалі, што сапраўдны місіянер, гэта, у першую чаргу, вучань”, - сказаў Пантыфік.
Францішак заклікаў місіянераў і місіянерак не баяцца рызыкаваць на сваіх місійных шляхах, памятаючы, што “Бог – гэта заўсёды нешта новае, што штурхае нас зноў пайсці і змяніць месца, каб выйсці паза тое, што вядома, на перыферыі і да межаў”.