Пантыфік: прыярытэты езуітаў адпавядаюць лініі Касцёла
У перыяд 2019-2029 гг. асаблівая ўвага езуітаў будзе скіравана на праніклівасць і духоўныя практыкаванні, суправаджэнне бедных і маргіналізаваных, падтрымку моладзі і клопат пра экалогію. Аб гэтым было паведамлена падчас адмысловай прэзентацыі.
Папа з радасцю прыняў той факт, што выбар гэтых апостальскіх прыярытэтаў адбываўся не “бібліятэчным” ці “лабараторным” чынам, а ў духу “дынамічнага распазнання”, якое працягвалася больш за два гады.
Паводле Святога Айца, узгаданыя прыярытэты былі выбраны ў сугуччы з актуальным апостальскім кірункам Касцёла, акрэсленым вучэннем Папы, Сінодаў, Біскупскіх Канферэнцый. Яны адпавядаюць духу Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”.
Першы прыярытэт – праніклівасць і духоўныя практыкаванні, па словах Францішка, з’яўляецца самым галоўным, паколькі тычыцца адносін з Богам, асабістага і супольнага жыцця, малітвы і распазнання. Святы Айцец падкрэсліў, што без такога малітоўнага стаўлення ўсе іншыя прыярытэты рэалізаваць будзе не ўдасца.