Папа да езуітаў Цэнтральнай Амерыкі: захоўваць вернасць караням
Сустрэча праходзіла 26 студзеня 2019 г. у будынку Апостальскай нунцыятуры ў панамскай сталіцы. У ёй прынялі ўдзел каля 30 законнікаў.
У размове Францішак звярнуў увагу на адвагу мучанікаў Цэнтральнай Амерыкі: арцыбіскупа Оскара Рамэра і айца Руціліа Грандэ. Абодва аддалі жыццё за веру, а іх сведчанне мае прароцкае вымярэнне, у тым ліку таму, што мучаніцтва аднаго паспрыяла навяртанню другога, заўважыў Папа.
Святы Айцец заклікаў езуітаў быць уважлівымі да патрэбаў моладзі. Ён звярнуў увагу на праблемы, выкліканыя інтэрнэтам, калі маладыя людзі вялікую колькасць віртуальных кантактаў блытаюць з сапраўднай сустрэчай. Гэта дае ілюзорнае задавальненне, якое адрывае ад канкрэтнасці жыцця, перакананы Пантыфік.
Францішак лічыць, што сучасны “крызіс сустрэчы” бярэ свой пачатак у “крызісе каранёў”. Моладзь часта бывае зануранай у “культуру мімалётнага”, не атрымлівае дапамогі з боку бацькоў. Таму важным з’яўляецца кантакт паміж маладымі і пажылымі людзьмі. Мары старых часта пераходзяць да ўнукаў, дадаў Папа.
У ходзе размовы ўздымалася пытанне адносін паміж інкультурацыяй і тоеснасцю. У сувязі з гэтым Пантыфік прыгадаў павучальную гісторыю пра маладога чалавека, які пасля доўгіх гадоў вучобы вярнуўся ў родную вёску да бацькоў, але настолькі адарваўся ад свайго мінулага жыцця, што павінен быў пытацца ў бацькі пра назвы ўсіх сельскагаспадарчых прыладаў, пакуль не наступіў на граблі і не атрымаў імі ў лоб. Гісторыя паказвае, што трэба быць моцна ўкаранёнымі ў сваёй традыцыі, заключыў Францішак.
Паводле Папы, гэта асаблівым чынам тычыцца законнікаў, якія нярэдка думаюць, што кансэкрацыя пераводзіць іх у катэгорыю “больш асвячаных”. “Той, хто забывае пра сваю культуру, пра сваё паходжанне, патрабуе праславутага ўдару граблямі ў лоб”, - сказаў на заканчэнне размовы Святы Айцец.