Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец пра пакліканне і місію суддзяў

Справядлівасць з’яўляецца фундаментальнай для раўнавагі ў грамадстве, падкрэсліў Папа, сустракаючыся 9 лютага 2019 г. у Ватыкане з членамі італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі суддзяў.

Францішак нагадаў, што работнікі судовай сістэмы асаблівым чынам пакліканы бараніць канстытуцыйныя каштоўнасці, дэмакратычныя прынцыпы і служыць агульнаму дабру.

У свеце, перанасычаным інфармацыяй, што нярэдка скажае праўду, неабходна, каб менавіта суддзі былі “першымі, хто будзе сцвярджаць першаснасць рэальнасці перад ідэяй”, падкрэсліў Папа. Ён звярнуў увагу на існаванне заканадаўчых прабелаў “паміж праўдай, якая існуе, і ідэяй, якая распрацоўваецца”. Яны тычацца такіх важных пытанняў, як пачатак і канец жыцця, сямейнае права, “складаная рэчаіснасць мігрантаў”.

Пантыфік перакананы, што “кожны раз, калі правасуддзе заклікана выказацца на гэтыя тэмы, ад суддзі патрабуецца прыняцце адказнасці, якая выходзіць за межы яго звычайных службовых абавязкаў”. Ён павінен пастаянна быць у курсе апошніх падзей, каб лепш разумець змены ў грамадстве і быць здольным з мудрасцю здзяйсняць “эвалюцыйную інтэрпрэтацыю законаў”. Неад’емнай таксама з’яўляецца незалежнасць суддзяў і іх апалітычнасць, зазначыў Папа.

Рэпартаж з аўдыенцыі для італьянскіх суддзяў

Святы Айцец нагадаў, што правасуддзе непасрэдна закранае жыццё людзей: судовае рашэнне можа стаць для іх палёгкай і суцяшэннем, але можа раніць і дыскрымінаваць. Таму яго трэба рэалізаваць з павагай да годнасці кожнага чалавека, амаль з міласэрнасцю, якая па-сапраўднаму спрыяе пошуку праўды.

“Будзьце больш чым проста службовымі асобамі”, - заклікаў ён італьянскіх суддзяў. Паводле Папы, людзі гэтай прафесіі павінны быць прыкладам для ўсіх грамадзян, асабліва для моладзі, гатовымі аддаць жыццё за вернасць прынцыпу справядлівасці.

Нацыянальная асацыяцыя суддзяў Італіі была заснавана ў 1909 г. і сёлета адзначае 110-годдзе свайго існавання. У яе склад уваходзіць больш за 8 тыс. асоб або 93,2% прадстаўнікоў гэтай прафесіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лютага 2019, 11:54