Францішак: супрацоўніцтва – сродак супраць абыякавасці і эгаізму
16 сакавіка 2019 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Канфедэрацыі італьянскіх кааператываў – аб’яднання, заснаванага ў 1919 г. на прынцыпах сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Сустрэча была прымеркавана да сотай гадавіны яе дзейнасці.
“Сказаць вам “дзякуй” за сто гадоў намаганняў – значыць паказаць прыклад людзям нашага часу, якім трэба вынайсці ў сабе не толькі “атрымальнікаў” дабра, але і “прадпрымальнікаў” міласэрнасці”, - сказаў Францішак, вітаючы сваіх гасцей.
Папа ўхваліў кааператыў як форму арганізацыі працы, заснаванай на стасунках і сацыяльнай адказнасці, а не на пошуку прыбытку. “Толькі калі ўсвядомім, што нашым сапраўдным багаццем з’яўляюцца стасункі, а не выключна матэрыяльныя даброты, знойдзем альтэрнатыўныя спосабы жыцця і прысутнасці ў грамадстве, не падпарадкаваным бажку грошай – ідалу, які падманвае, а потым кідае ў яшчэ больш бесчалавечным і несправядлівым стане”, - сказаў Пантыфік.
Яшчэ больш “важнай і відавочнай перавагай супрацоўніцтва” Папа назваў “яго здольнасць перамагаць самоту, якая ператварае жыццё ў пекла”. “Наш свет хворы на самоту. Таму патрэбны ініцыятывы, якія б дазволілі разам адказваць на тое, што прапануе жыццё. Ідучы і працуючы разам, можна засведчыць вялікі цуд надзеі: усё здаецца ізноў магчымым. У гэтым сэнсе супрацоўніцтва – гэта спосаб канкрэтызаваць надзею ў жыцці чалавека. (...) Гэта спосаб праявіць блізкасць, якой навучаў Езус”, - зазначыў Святы Айцец.
У якасці прыкладу Папа нагадаў евангельскі ўрывак пра людзей, якія праз адтуліну ў страсе спусцілі на насілках да Езуса паралізаванага (пар. Мк 2, 1-5). Папа назваў гэты эпізод прыкладам неабыякавасці.
, - вобразна адзначыў Папа.
“Немагчыма быць шчаслівымі ў самоце”, - падкрэсліў Францішак і ў сувязі з гэтым ухваліў працу італьянскіх кааператываў на карысць экзістэнцыяльных перыферый жыцця. Ён заклікаў прысутных пракладваць новыя шляхі насустрач тым, хто апынуўся на ўзбочыне жыцця, даючы ім магчымасць набыць прафесійныя навыкі і веды. Пры гэтым Папа выказаў асаблівую заклапочанасць станам жанчын, “якія нясуць на сабе цяжар матэрыяльнай галечы, сацыяльнай ізаляцыі і культурнай эмаргінацыі”.
Францішак пажадаў прадстаўнікам Канфедэрацыі італьянскіх кааператываў, каб “сто гадоў, што мінулі, адкрылі перад імі новыя надзвычайныя сцэнарыі, заўсёды застаючыся вернымі караням, з якіх усё нарадзілася, – Евангеллю”.