Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да духавенства Рыма: пачатак святасці – у раскаянні

Прабачэнне – вось адзіны шлях да перамогі над д’яблам ганарыстасці і да засведчання цуду прымірэння ў нашых супольнасцях і ў Касцёле, перакананы папа Францішак.

Пра сэнс велікапоснага перыяду і моц Божай міласэрнасці, якой жывіцца Касцёл, Святы Айцец гаварыў у прамове да рымскага духавенства падчас традыцыйнага пакутнага набажэнства на распачацце Вялікага посту. Літургія прайшла 7 сакавіка 2019 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. Набажэнству папярэднічала сустрэча за зачыненымі дзвярыма Пантыфіка з духавенствам Рыма.

У сваёй прамове да біскупаў, святароў і дыяканаў Францішак перасцярог ад схільнасці да пачуцця самадастатковасці і самазадаволенасці і запрасіў да “святой пасіўнасці”, якая не мае нічога агульнага з лянотай, але прадугледжвае поўны давер да Божай волі. Ён заклікаў вучыцца ставіць Бога ў цэнтры ўсяго, прызнаваць, што з’яўляемся народам Божым не па ўласнай ініцыятыве, але дзякуючы Божай ласцы.

У якасці парадыгмы на шасцігадовы перыяд дыяцэзіяльнага шляху пастырскага навяртання, які аддзяляе ад Юбілею 2025-га г., Святы Айцец прапанаваў Кнігу Зыходу. “Як і ў тыя часы, сёння Бог дзейнічае, каб ператварыць “не-народ” у Божы народ. Такое Яго жаданне і Яго план адносна нас”, - патлумачыў Францішак.

Па яго словах, крыху баяцца саміх сябе, сваёй усёмагутнасці, хітрасці, сваіх утойванняў, двайной гульні – карысна, бо ўсе гэтыя праявы – “сапраўдная атрута”. Францішак перасцярог ад прыхарошванняў і намаганняў утоіць той ці іншы грэх і запрасіў вызнаць уласныя заганы і не адчайвацца, але спадзявацца на міласэрнасць Бога і прысвяціць перыяд Вялікага посту прапаведаванню палкай і раўнівай любові Бога да свайго люду.

Папа падкрэсліў, што духоўныя асобы не павінны лічыць сябе “распарадчыкамі народу, але слугамі, для якіх разбэшчванне непрымальна”. У гэтым кантэксце ён у чарговы раз узгадаў праблему сексуальных злоўжыванняў у Касцёле, якая, па яго словах, выклікае “нязносны боль і цярпенні”.

“Аднак не будзем адчайвацца! Пан ачышчае сваю Нявесту і дапамагае навяртанню кожнага з нас. Ён дае нам прайсці праз выпрабаванне, каб мы зразумелі, што без Яго з’яўляемся пылам. Ён ратуе нас ад крывадушнасці, ад паказной духоўнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 сакавіка 2019, 09:09