Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак: хлеб, аб якім просім у малітве – для ўсіх

Езус вучыць нас прасіць аб хлебе не толькі для сябе, але для ўсёй братэрскай супольнасці свету, падкрэсліў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 сакавіка 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Францішак засяродзіў увагу на словах: “Хлеба нашага штодзённага, дай нам сёння”. Яны нагадваюць, што чалавек не з’яўляецца самадастатковым стварэннем, што мае штодзённую патрэбу ў харчаванні.

Паводле Папы, “усё чалавечае жыццё, з яго самымі канкрэтнымі і штодзённымі праблемамі, можа стаць малітвай”, а Езус ніколі не праходзіў з абыякавасцю міма просьбаў і пакут людзей. Таксама і вернікаў Ён вучыць прасіць аб штодзённым хлебе ў еднасці з людзьмі, для якіх гэта малітва становіцца крыкам, што часта трымаецца ўнутры і суправаджаецца штодзённай трывогай.

“Колькі маці і бацькаў, таксама і сёння, кладуцца спаць з трывогай, бо не маюць дастаткова хлеба, каб заўтра накарміць сваіх дзяцей. Уявім, як гэта малітва прамаўляецца не ў бяспецы камфортнай кватэры, але ў нястачы пакою, дзе трэба задавольвацца тым, што ёсць, дзе няма неабходнага для жыцця. Тут словы Хрыста набываюць новую сілу. Хрысціянская малітва пачынаецца на гэтым узроўні. І гэта не практыкаванне для аскетаў. Яна бярэ свой пачатак у рэальнасці, у сэрцы і целе людзей, якія жывуць у патрэбе, або тых, хто падзяляе сітуацыю людзей, што не маюць неабходнага для жыцця”, - заўважыў Папа. 

“[Нават самыя вялікія хрысціянскія містыкі не могуць абстрагавацца ад гэтай просьбы: “Ойча, зрабі, каб мы і ўсе мелі неабходны хлеб”. “Хлеб” – гэта таксама вада, лекі, дом, праца...]”

- дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што ў малітве хрысціяне просяць Бога, каб даў хлеб не “мне”, а “нам”.

“Гэтага хоча Езус. Ён вучыць нас прасіць аб хлебе не толькі для сябе, але і для ўсёй братэрскай супольнасці свету. Калі не маліцца падобным чынам, “Ойча наш” перастае быць хрысціянскай малітвай. Калі Бог – гэта наш Айцец, як можам станавіцца перад Ім, не трымаючыся за рукі? І калі хлеб, які Ён дае нам, мы крадзем адно ў аднаго, як можам называць сябе Яго дзецьмі”, - сказаў Францішак.

“[Гэта малітва прадугледжвае эмпатыю і салідарнасць. У маім голадзе адчуваю голас многіх і таму малюся да Бога, каб іх малітва была пачута. Так Езус вучыць сваю супольнасць, свой Касцёл, заносіць да Бога патрэбы ўсіх: “Мы ўсе Твае дзеці, Ойча, змілуйся над намі]”

, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што аднойчы ў кожнага чалавека спытаюцца, як ён на працягу свайго жыцця распараджаўся хлебам, падараваным усяму чалавецтву: падзяліўся з бліжнім ці спажываў яго сам?

Папа прыгадаў евангельскую гісторыю пра тое, як Езус памножыў хлябы і рыбы, якімі адзін хлопец вырашыў падзяліцца з усімі.

“[Гэты хлопец зразумеў урок малітвы “Ойча наш”: што хлеб, гэта не прыватная ўласнасць, але провід, якім з Божай ласкай трэба дзяліцца]”

, - сказаў Пантыфік.

“Сапраўдным цудам, які ў той дзець учыніў Езус, з’яўляецца не столькі памнажэнне, якое было сапраўдным, але дзяленне: дайце Мне тое, што маеце і Я зраблю цуд. Ён сам, памнажаючы гэты хлеб, які Яму далі, апярэдзіў ахвяраванне Сябе ў эўхарыстычным хлебе. Сапраўды, толькі Эўхарыстыя можа заспакоіць бясконцы голад і жаданне Бога, якое мае кожны чалавека, у тым ліку ў пошуку штодзённага хлеба”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў групы пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.
 

27 сакавіка 2019, 12:01