Пантыфік па-ранейшаму хоча паехаць у Паўднёвы Судан
Падчас шчырых размоў былі адзначаны добрыя двухбаковыя адносіны, уклад Каталіцкага Касцёла ў галіне адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў працэсе прымірэння і аднаўлення краіны. Увага была звернута на пытанні, якія тычацца ажыццяўлення пагаднення, дасягнутага ў апошні час рознымі палітычнымі сіламі краіны, з мэтай канчатковага рашэння канфліктаў, вяртання бежанцаў і перамешчаных асоб, а таксама інтэгральнага развіцця краіны. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду па выніках перамоў.
Францішак выказаў пажаданне, каб усталяваліся ўмовы для яго магчымага візіту ў Паўднёвы Судан, якім ён хацеў бы засведчыць сваю блізкасць да насельніцтва краіны і падтрымаць мірны працэс.
Трэба нагадаць, што ў пачатку 2017 г. Папа заявіў, што адправіцца ў Паўднёвы Судан разам з Прымасам Англіканскай Царквы, але, на жаль, па меркаваннях бяспекі да гэтага часу візіт не быў рэалізаваны.
Паўднёвы Судан з’яўляецца самай маладой краінай у свеце, заснаванай 9 ліпеня 2011 г. Вайна тут працягваецца бесперапынна амаль 30 гадоў. За гэты час загінулі амаль 1,5 мільёна мірных грамадзян, а 7 мільёнам, ці палове насельніцтва, па-ранейшаму пагражае голад.