Ларэта: Дом Маці Божай – галоўны санктуарый Італіі
Тут знаходзіцца самы вялікі і самы важны марыйны санктуарый на Апенінах, галоўнай рэліквіяй якога з’яўляецца Святы Дом, вядомы таксама як Дом Маці Божай.
Гаворка ідзе пра каменны будынак памерам 8,5 м Х 3,8 м Х 4,1м, з дзвярыма, якія знаходзяцца з паўночнага боку, парай дзвярэй з паўднёвага боку і акном на заходняй сцяне. Звонку ён упрыгожаны мармуровымі барэльефамі з выявамі сцэн з жыцця Панны Марыі, а ўнутры знаходзіцца драўляная фігурка Маці Божай Ларэтанскай.
Традыцыя кажа, што гэта частка дома з Назарэта, у якім Панна Марыя нарадзілася і дзе адбылося Звеставанне. Пасля Унебаўшэсця дом быў ператвораны ў храм. Падчас Крыжовых паходаў узнікла пагроза знішчэння гэтай рэліквіі мусульманамі. Легенда кажа, што, каб не дапусціць гэтага, у 1291 г. анёлы цудоўным чынам перанеслі яго ў Італію.
Насамрэч перанясеннем дома займалася італьянская купецкая сям’я Дэ Анджэлі пры падтрымцы Ордэна Тампліераў. Праз Балканы будынак быў дастаўлены ў Ларэта, дзе ў 1468 г. распачалося будаўніцтва касцёла. Унутры яго і быў размешчаны Святы Дом.
Рымскія Пантыфікі ад самага пачатку мелі да санктуарыя асаблівую ўвагу. У 1507 г. ён быў падпарадкаваны непасрэдна Апостальскай Сталіцы, і да 1698 г. меў свайго апекуна ў асобе кардынала-пратэктара. Затым гэта функцыя была перададзена спецыяльнай Ларэтанскай кангрэгацыі, якой кіраваў кардынал Дзяржсакратар. Усе гэты прывілеі санктуарыя былі пацверджаны італьянскай дзяржавай, на тэрыторыі якой апынулася Ларэта ў выніку акупацыі Папскай вобласці ў ХІХ ст.
У 1965 г. Павел VI стварыў Папскую дэлегатуру па справа санктуарыя Святога Дома ў Ларэта і Прэлатуру Святога Дома, кананічныя паўнамоцтвы якой распаўсюджваюцца на ўсю тэрыторыю Ларэта і прадмесці. Ларэтанскай базыліцы быў нададзены тытул катэдры, якой кіруе Папскі дэлегат. У мінулым гэту пасаду займалі: былы сакратар Яна ХІІІ, кардынал Луіс Капавіла і былы сакратар Паўла VI, арцыбіскуп Паскуале Макі. Цяпер Папскім дэлегатам пры санктуарыі Святога Дома з’яўляецца італьянскі біскуп Фабіа Дал Чын.