Пантыфік: клопат пра хворых павінен ахопліваць цела і душу
Сустрэча прайшла 2 сакавіка 2019 г. з нагоды паўвекавога юбілею аб’яднання. У ватыканскай Зале Паўла VI сабраліся каля 6 тыс. чалавек, сярод якіх былі пацыенты, іх блізкія, урачы, навукоўцы і валанцёры.
Звяртаючыся да сваіх гасцей, Францішак звярнуў увагу на важнасць цэласнага разумення чалавека, у сувязі з чым клопат аб хворых не павінен быць абмежаваны выключна іх фізічнай сферай, але ахопліваць і душу.
Пантыфік высока ацаніў эфектыўную дзейнасць асацыяцыі ў сферы навуковых даследаванняў, накіраваных на адкрыццё новых спосабаў лячэння хвароб і іх прафілактыкі, а таксама ў сферы медыцынскай дапамогі хворым, дзе патрэбна блізкасць, “каб ніхто не адчуваў сябе самотным ці адрынутым грамадствам”.
Святы Айцец асаблівым чынам адзначыў каштоўны ўклад валанцёраў у дзейнасць асацыяцыі. Як Марыя заставалася каля падножжа крыжа Езуса, таксама і яны стаяць пры ложках тых, хто пакутуе і падтрымліваюць іх, несучы вялікае суцяшэнне. Паводле Папы, праз такую прысутнасць, поўную “ласкавасці і суцяшэння, спаўняецца запаведзь узаемнай і братэрскай любові, якую нам перадаў Езус”.
Звяртаючыся да хворых, Пантыфік заклікаў іх заўсёды памятаць, што яны не самотныя, а маюць побач з сабой Хрыста, Які таксама прайшоў праз цяжкія пакуты.