Пантыфік: панаваць над языком і не абгаворваць бліжніх
Францішак прыбыў у парафіяльны комплекс каля 16.00 па мясцовым часе. Ён сустрэўся з дзецьмі і моладдзю, бацькамі дзяцей, якія нядаўна атрымалі або хутка атрымаюць сакрамэнт хросту, групай бедных і бяздомных, хворымі і валанцёрамі. Кульмінацыйным пунктам стала св. Імша, перад якой Папа паспавядаў вернікаў.
У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на евангельскія словы: “Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?” (Лк 6,41). Ён падкрэсліў, што менавіта язык чалавека часта становіцца прычынай шматлікіх канфліктаў у сям’і, на месцы вучобы ці працы, з суседзямі. Каб не дапускаць гэтага, трэба заўсёды памятаць пра ўласныя хібы і слабасці, а таксама казаць пра памылкі бліжняга ў вочы, не абгаворваючы за плячыма.
Нагадваючы пра Вялікі пост, які распачнецца ў Касцёле праз некалькі дзён, Францішак заклікаў вернікаў задумацца над сваімі адносінамі да іншых людзей.
“Як я стаўлюся да людзей? Якое маё сэрца ў адносінах да людзей? Ці не з’яўляюся крывадушнікам, усміхаючыся ў твар, а за плячыма крытыкуючы і знішчаючы сваім языком? Калі да канца Вялікага посту мы здолеем крыху выправіцца з гэтага, калі перастанем пастаянна крытыкаваць іншых за плячыма, я вам абяцаю, што Уваскрасенне Езуса будзе больш прыгожым, больш вялікімі паміж намі”, - дадаў Пантыфік. Ён лічыць, што выканаць гэта заданне дапамогуць два “лекі”: малітва і практыка.
Пасля літургіі Францішак доўга вітаў вернікаў, паціскаючы ім рукі і абменьваючыся словам. Перад вяртаннем у Ватыкан ён пажадаў сабраным добрага Вялікага посту і заклікаў памятаць пра яго і ўвесь Касцёл у малітве.