Пантыфік распачынае перыяд духоўных практыкаванняў
“Жадаю ўсім, каб велікапосны шлях, які пачаўся некалькі дзён таму, прынёс багатыя плёны. Прашу вас памятаць у сваіх малітвах пра мяне і супрацоўнікаў Рымскай курыі, у сувязі з тым, што сёння вечарам мы распачнем тыдзень духоўных практыкаванняў”, - сказаў Францішак на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 10 сакавіка 2019 г.
Велікапосныя рэкалекцыі для Папы і яго бліжэйшых супрацоўнікаў будуць праходзіць на працягу бліжэйшага тыдня ў рэкалекцыйным цэнтры “Дом Боскага Настаўніка” (Casa del Divin Maestro) ў Арычы, недалёка ад Рыма. Іх правядзе настаяцель бэнэдыктынскага абацтва Сан-Мініята-Аль-Монтэ ў Фларэнцыі, айцец Бэрнарда Франчэска Марыя Джані.
Па традыцыі на час рэкалекцый Святога Айца будуць прыпынены ўсе аўдыенцыі, у тым ліку агульныя, якія праходзяць з удзелам шматлікіх вернікаў па серадах.