Папа падчас сустрэчы з мігрантамі Папа падчас сустрэчы з мігрантамі 

Францішак да мігрантаў: вы прабываеце ў самым сэрцы Касцёла

Каталіцкі Касцёл застаецца на баку мігрантаў і разам з імі гатовы будаваць больш справядлівае, годнае і адкрытае грамадства, запэўніў папа Францішак.

Увечары 30 сакавіка 2019 г. Пантыфік правёў сустрэчу з групай мігратаў у Рабаце, сталіцы Марока, куды ён накіраваўся з двухдзённым візітам.

У сваім звароце Папа запэўніў прысутных на сустрэчы мігрантаў у тым, што яны не з’яўляюцца ізгоямі – яны прабываюць у самым цэнтры сэрца Касцёла.

Францішак адзначыў, што прагрэс народаў “немагчыма вымераць толькі тэхналагічным або эканамічным развіццём” – прагрэс выяўляецца, галоўным чынам, у здольнасці грамадства спачуваць, рэагаваць на пакуты іншых чулым сэрцам. Бессардэчнае грамадства Пантыфік параўнаў з “бясплоднай маці”.

Святы Айцец ухваліў ратыфікацыю Глабальнага пакта па бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі, якая адбылася падчас Міжурадавай канферэнцыі ААН у Маракешы некалькі месяцаў таму.

“Гэты Пакт дазваляе вызнаць і ўсвядоміць, што гаворка не ідзе толькі пра мігрантаў, нібы іх жыцці – чужая або другарадная рэчаіснасць, якая не мае нічога агульнага з астатняй часткай грамадства; нібы іх статус асоб, надзеленых правамі, “прыпынены” па прычыне іх цяперашняга стану; насамрэч, большая ці меншая чалавечнасць мігранта не вызначаецца яго месцазнаходжаннем па гэты ці той бок мяжы”, - адзначыў Святы Айцец.


Усіх тых, хто імкнецца зрабіць канкрэтнымі і відавочнымі намаганні па прыняцці і інтэграцыі ў новую рэчаіснасць мігрантаў, Папа запрасіў паразважаць над чатырма прынцыпова важнымі імператывамі: прымаць, абараняць, пашыраць і інтэграваць. Пры гэтым самі мігранты павінны, на думку Святога Айца, быць галоўнымі дзеючымі асобамі і распарадчыкамі гэтага працэсу.

Прымаць, па словах Францішка, – значыць даць бежанцам і мігрантам большыя магчымасці для бяспечнага і легальнага ўезду ў краіны назначэння. Гэта неабходная ўмова для таго, каб перашкодзіць пашырэнню тэрыторый, у якіх вядзецца гандаль людзьмі.

Абараняць – значыць забяспечыць ахову правоў і годнасці мігрантаў і бежанцаў, незалежна ад іх статусу перасяленца, асабліва непасрэдна на шляхах міграцыі, якія, па словах Папы, часта становяцца “тэатрамі жорсткасці, злоўжыванняў і насілля”. Францішак адзначыў важнасць забеспячэння мігрантам медыцынскай, псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі.

Пашыраць, працягнуў Святы Айцец, – “значыць гарантаваць усім, мігрантам і мясцовым жыхарам, магчымасць знайсці бяспечнае месца для сваёй усебаковай самарэалізацыі”. “Такое пашырэнне пачынаецца з прызнання таго, што ніхто не ўвасабляе людскіх адходаў; кожны чалавек з’яўляецца носьбітам асабістага, культурнага і прафесійнага багацця, які можа надаць вялікую каштоўнасць месцам, дзе прабываюць”, - сказаў Францішак.

“Інтэграваць – значыць уключацца ў працэс, які надае каштоўнасць культурнай спадчыне супольнасцей, з якіх мігранты паходзяць і якія іх прымаюць, будуючы, такім чынам, міжкультурнае і адкрытае грамадства”, - заўважыў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 сакавіка 2019, 18:30