Папа: каб весці іншых, трэба бачыць уласныя хібы
“Cённяшні ўрывак Евангелля прадстаўляе кароткія прыпавесці, з дапамогай якіх Езус хоча паказаць сваім вучням шлях, якім трэба прайсці, каб жыць мудра, - заўважыў Папа. - Задаючы пытанне: “Хіба можа сляпы вадзіць сляпога?” (Лк 6,39), Ён хоча падкрэсліць, што правадыр не можа быць сляпым, але павінен бачыць добра, гэта значыць мець мудрасць, каб кіраваць з мудрасцю, бо інакш рызыкуе зрабіць шкоду людзям, якія яму давераны.
Езус запазычыў выраз з Кнігі Мудрасці, каб указаць на сябе, як на прыклад настаўніка і правадыра, які трэба наследаваць: “Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік” (Лк 6,40). Гэта заклік наследаваць Яго прыклад і Яго вучэнне, каб быць надзейнымі і мудрымі правадырамі. Гэта павучэнне, у першую чаргу, заключана ў Нагорнай пропаведзі, якую цягам трох нядзель літургія прапануе нам у Евангеллі, указваючы на патрэбу ў лагоднасці і міласэрнасці для таго, каб быць шчырымі, пакорнымі і справядлівымі людзьмі.
У сённяшнім урыўку мы бачым іншы значны выраз, які заклікае не быць высакамернымі і крывадушнымі. Кажа так: “Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?” (Лк 6,41). Часта – мы ўсе пра ведаем гэта, – прасцей ці зручней заўважаць і асуджаць хібы і грахі іншых, не здольваючы ўбачыць уласныя з падобнай яснасцю. Мы заўсёды хаваем нашы хібы, нават ад нас саміх. Заўсёды прасцей бачыць хібы іншых. Спакуса заключаецца ў тым, каб быць паблажлівымі з сабой, спагадлівымі да сябе, але быць цвёрдымі і асуджаць іншых. Заўсёды карысна дапамагаць бліжняму мудрымі парадамі, але калі заўважаем і выпраўляем хібы нашага бліжняга, мы павінны ўсведамляць, што хібы маем таксама і мы.
Як можна зразумець, ці наша вока свабоднае ці яму перашкаджае бервяно? Аб гэтым нам зноў кажа Езус: “Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе” (Лк 6,43-44). Плодам з’яўляюцца ўчынкі, а таксама словы. Таксама па словах можна пазнаць якасць дрэва. Сапраўды, хто добры, у таго з сэрца і вуснаў выходзіць дабро, а хто дрэнны – выходзіць зло, бо практыкуе самае разбуральнае дзеянне, якое ёсць паміж намі: нараканне, пляткарства, ачарненне іншых. Гэта знішчае сям’ю, школьнае асяроддзе, месца працы, квартал... Войны пачынаюцца з языка. Падумаем крыху пра гэта павучэнне Езуса і спытаем у сябе: ці не кажу кепска пра іншых? Ці не імкнуся заўсёды ачарняць іншых? Ці не прасцей мне бачыць хібы іншых, чым свае?
, - сказаў Папа.
Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзеліў сваё благаслаўленне.