Папа: карупцыя душыць чалавечую годнасць і разбурае ідэалы
Пантыфік адзначыў, што дзяржава павінна абараняць правы чалавека, дабро чалавека павінна складаць асноўны крытэрый дзейнасці ўсіх органаў краіны. Аўдытары, па яго словах, павінны адзначацца не толькі прафесіяналізмам, але і высокімі маральнымі якасцямі і выключным пачуццём справядлівасці.
Францішак заўважыў, што строгі кантроль за выдаткамі мабілізуе палітыкаў да адказнага стаўлення да фінансаў. Ён адзначыў неабходнасць ствараць прастору для “здаровай палітыкі”, здольнай рэфармаваць інстытуты і каардынаваць іх працу.
Святы Айцец падкрэсліў вялікую ролю Падліковай палаты ў барацьбе з карупцыяй, якую назваў “адным з самых страшных бедстваў грамадства”, паколькі “ілюзія хуткіх і лёгкіх заробкаў на самай справе збядняе ўсіх, пазбаўляючы ўсю сістэму даверу, празрыстасці і надзейнасці”.
“Карупцыя душыць чалавечую годнасць і разбурае ўсе добрыя і прыгожыя ідэалы”, - падкрэсліў Папа. Ён падзякаваў дзяржаўным аўдытарам за іх дзейнасць, якая дапамагае распаўсюджваць у грамадстве культуру законнасці.