Папа: заданне гараджаніна – будаваць братэрства і салідарнасць
Святы Айцец падзякаваў жыхарам Вечнага горада за прысутнасць і любоў да Наступніка св. Пятра. Ён нагадаў, што абавязак Біскупа Рыма, а таксама ўсіх хрысціян горада, “заўсёды захоўваць ззянне Касцёла, адлюстроўваючы святло Хрыста, Які аднаўляе сэрца”.
Францішак заклікаў рымлян, у тым ліку і тых, якія не прытрымліваюцца хрысціянскай веры, “быць будаўнікамі братэрства і салідарнасці”, паколькі гэта заданне кожнага гараджаніна.
Папа таксама нагадаў пра адказнасць людзей за будучыню. “Як шмат людзей ва ўсім свеце, таксама і вы, жыхары Рыма, клапаціцеся пра дабро і выхаванне вашых дзяцей. Захоўвайце ў сэрцы будучыню планеты і свету, якія пакінем наступным пакаленням”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў жыхароў Рыма да ўзаемнага клопату і пашаны. “Такім чынам вы ўвасобіце ў сабе самыя цудоўныя каштоўнасці гэтага горада: аб’яднанае грамадства, якое жыве ў гармоніі і дзейнічае не толькі на карысць справядлівасці, але таксама ў духу справядлівасці”, - падкрэсліў ён.
Сучасны Рым – дынамічны і жывы, на яго вуліцах можна сустрэць людзей з розных куткоў планеты, якія тут працуюць і жывуць пастаянна або часова, а таксама мноства турыстаў. Сёння ў Вечным горадзе афіцыйна зарэгістравана больш за 2,8 млн чалавек.