Францішак: Езус замяніў закон расплаты на закон любові
Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Папа засяродзіў сваю ўвагу на словах: “як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Ён нагадаў, што чалавек заўсёды з’яўляецца даўжніком перад Богам, бо менавіта ад Яго мы атрымалі ўсё.
“Сапраўды, няма месца самаўзвышэнню, калі складаем далоні ў малітве. Не існуе ў Касцёле “self-made man” – людзей, якія зрабілі сябе самі. Мы ўсе даўжнікі перад Богам і перад шматлікімі людзьмі, якія падарылі нам спрыяльныя ўмовы для жыцця. Наша тоеснасць будуецца на аснове атрыманага дабра. У першую чаргу жыцця”, - сказаў Папа.
Паводле Папы, хто моліцца, той вучыцца казаць “дзякуй” і просіць Бога аб добразычлівасці да сябе.
“Як бы мы не намагаліся, заўсёды застанецца велізарны доўг перад Богам, які ніколі не зможам аддаць: Ён любіць нас бясконца больш, чым мы любім Яго. І потым, як бы мы не імкнуліся жыць згодна з хрысціянскімі настаўленнямі, у нашым жыцці заўсёды будзе штосьці, за што трэба будзе прасіць прабачэння: падумаем пра дні, праведзеныя ў гультайстве, пра моманты, калі крыўда заняла наша сэрца і г.д. Гэта сітуацыі, на жаль нярэдкія, якія прымушаюць нас усклікаць: “Пане, Ойча, адпусці нам правіны нашыя...”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што Езус вучыць не толькі прасіць аб прабачэнні грахоў, але ўмацоўвае гэту просьбу з дапамогай “бязлітаснага злучніка” “як” - “як” і мы прабачаем нашым сябрам, людзям, што жывуць з намі, нашым блізкім, тым, хто зрабіў нам штосьці нядобрае”. Такім чынам “адносіны вертыкальнай добразычлівасці з боку Бога праламляюцца і павінны перамяніцца ў новыя адносіны з нашымі братамі, гарызантальныя адносіны”. “Добры Бог заклікае быць добрымі ўсіх нас”, - дадаў Папа.
, - зазначыў Пантыфік.
“Невыпадкова, што Евангелле св. Мацвея, адразу пасля таго, як дорыць тэкст малітвы “Ойча наш”, сярод сямі выкарыстаных выразаў, падкрэслівае менавіта той, які тычыцца братэрскага прабачэння: “Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых”, - сказаў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што прабачэнне бліжняга – гэта ўмова для атрымання прабачэння Бога. “Любоў выклікае любоў, прабачэнне выклікае прабачэнне”, - дадаў ён. У якасці прыкладу Пантыфік прыгадаў евангельскую прыпавесць пра слугу, якому быў прабачаны доўг у дзесяць тысяч талантаў (пар. Мц 18,21-35).
“Гэта сума, якую немагчыма было аддаць. Не ведаю, колькі б гэта было сёння, можа каля сотні мільёнаў! Але здарыўся цуд: гэты слуга атрымаў не адтэрміноўку плацяжу, але поўнае спісанне доўга. Якая неспадзяваная ласка! Але вось менавіта гэты слуга, адразу ж накінуўся на свайго брата, які быў яму вінен сто дынараў – дробязь! – і, нават калі гэта была невялікая сума, не прыняў ні прабачэнняў, ні мольбаў. Таму, напрыканцы, гаспадар паклікаў яго і падверг асуджэнню, бо калі не намагаешся прабачаць, не будзеш прабачаны; калі не намагаешся любіць, не будзеш нават любімы”, - нагадаў ён.
, - папярэдзіў Святы Айцец.
Пантыфік зазначыў, што “закон расплаты – тое, што ты зрабіў мне, я зраблю табе (...), – Езус замяняе законам любові: тое, што Бог зрабіў для мяне, я зраблю табе!”.
“Бог дорыць кожнаму хрысціяніну ласку пісання новай гісторыі дабра ў жыцці сваіх братоў, асабліва тых, якія зрабілі нешта прыкрае і памылковае. Праз слова, абдымкі, усмешку, мы можам перадаць іншым тое, самае каштоўнае, што атрымалі. А што з’яўляецца тым самым каштоўным, што мы атрымалі? – Прабачэнне, здольнасць адараць прабачэннем таксама і іншых”, - сказаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.