Пантыфік удзеліць сакрамэнт хросту васьмі катэхумэнам
Чацвёра катэхумэнаў паходзяць з Італіі, па адным з Албаніі, Эквадору, Інданэзіі і Перу. Старэйшыя з іх – 61-гадовая інданезійка, якая падчас хросту атрымае імя Анастазія Клара, і 40-гадовая італьянка Сільвана; самы малады з групы – 21-гадовы італьянец з хросным імем Джавані Баціста.
У літургіі Пасхальнай вігіліі прымуць удзел некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў, якія прыбылі ў Рым з розных куткоў планеты. Канцэлебраваць св. Імшу з Пантыфікам будуць дзясяткі кардыналаў і біскупаў, а таксама сотні святароў.
21 красавіка, у Велікодную нядзелю, у 10.00 Пантыфік узначаліць св. Імшу на ватыканскай плошчы, пасля якой у 12.00 удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца з пасланнем з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра.
З нагоды пасхальных святаў у Рыме ўведзены надзвычайныя меры бяспекі. У ахове правапарадку задзейнічаны тысячы паліцэйскіх і супрацоўнікаў спецслужбаў. Асаблівы кантроль ажыццяўляецца на плошчы св. Пятра і тэрыторыі, якая прылягае да Ватыкана.