Папа: спорт дапамагае разумець, што пастаяннага выйгрышу няма
На гэта звярнуў увагу Францішак 15 красавіка 2019 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскай Нацыянальнай лігі аматараў, якіх прыняў на аўдыенцыі з нагоды 60-годдзя спартыўнай асацыяцыі.
Папа адзначыў, што сённяшні культурны і сацыяльны кантэкст часта прымушае чалавека працаваць бесперапынна без выразнай мэты, што прыводзіць да расчаравання і апатыі. Спорт дапамагае ў вызначэнні мэты і разуменні, што бесперапынны выйгрыш немагчымы.
Святы Айцец адзначыў, што спартсмены часта з’яўляюцца прыкладам для моладзі, таму вельмі важна, каб іх лад жыцця быў сапраўднай мадэллю для юнакоў і дзяўчат. “Захоўвайце радасць ад гульні і распаўсюджвайце яе сярод вашых гледачоў і заўзятараў; не губляйце свядомасці, што ваш спартыўны стыль павінен быць прыкладам для аднагодак і больш ці менш станоўча ўплываць на іх”, - адзначыў Папа.
Францішак заклікаў сваіх гасцей жыць у духу салідарнасці, дапамагаючы тым, хто пацярпеў няўдачу, разумеючы, што чэмпіянат не быў бы магчымы, калі б на ім былі выключна чэмпіёны.