Святы Айцец: донарства павінна быць бескарыслівым
13 красавіка 2019 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 400 валанцёраў Італьянскай асацыяцыі донараў органаў, тканак і клетак (AIDO).
Святы Айцец заўважыў, што прагрэс у медыцыне зрабіў магчымай перасадку органаў для выратавання жыцця, а таксама для захавання, аднаўлення і паляпшэння стану здароўя многіх людзей, якія не маюць іншай альтэрнатывы. Донарства органаў, гэта “сацыяльная патрэба”, бо, нягледзячы на развіццё медыцыны, у ім “захоўваецца велізарная патрэба”, перакананы Папа.
У той жа час, Францішак заўважыў, што донарства – гэта ўчынак, “глыбока гуманны і напоўнены любоўю” да бліжняга. Таму яго можна лічыць “выразам паўсюднага братэрства, якое звязвае паміж сабой усіх людзей”. Яно павінна заставацца бескарыслівым, бо “кожная форма ператварэння цела ці яго часткі ў тавар супярэчыць годнасці чалавека”. “У дарэнні крыві ці органу цела неабходна паважаць этычную і рэлігійную перспектыву”, - сказаў ён.
Паводле Пантыфіка, людзі, якія вераць у Бога, павінны глядзець на донарства, як на падарунак, “які яны робяць Пану, прысутнаму ў людзях, што пакутуюць ад хвароб, наступстваў дарожных здарэнняў ці траўмаў, атрыманых на вытворчасці”.
Францішак заклікаў развіваць культуру донарства, дару, надзеі і жыцця. Перад абліччам пагроз для жыцця, такіх, напрыклад, як аборт ці эўтаназія, грамадства, на яго думку, мае патрэбу ў жэстах салідарнасці і шчырай любові, важных для разумення святасці жыцця.