Дзяржсакратар: Францішак развівае “геапалітыку братэрства”
Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў пра ўклад Апостальскай Сталіцы ў будаванне міру на планеце на працягу мінулага стагоддзя. Ён прыгадаў, што яшчэ Бэнэдыкт XV зрабіў важны ўклад у развіццё больш крытычнага погляду Касцёла на вайну, як на інструмент вырашэння канфліктаў паміж народамі.
Гэты Папа даў імпульс місійнай дзейнасці Касцёла, падкрэсліваючы еднасць паміж усімі людзьмі і важнасць духавенства, выхадцаў з карэннага насельніцтва. Яскравым сведчаннем такога падыходу з’яўляецца пасвячэнне ім першых шасці кітайскіх біскупаў, што адбылося ў ватыканскай базыліцы.
Пій ХІ рыхтаваў энцыкліку аб адзінстве роду чалавечага, у якой павінна было ўтрымлівацца асуджэнне нацысцкага расізму і антысемітызму. Яна, аднак, не была завершана. Пію ХІІ, у сваю чаргу, належаць знакамітыя словы: “Нічога не згублена з мірам. Усё можна згубіць з вайной”.
Ян ХХІІІ моцна заявіў аб абавязку бараніць мір у энцыкліцы “Pacem in terris”, абнародаванай пасля Карыбскага крызісу. Ён нагадваў, што члены кожнай палітычнай супольнасці пакліканы супрацоўнічаць і садзейнічаць адзінству на глабальным узроўні на карысць агульнага дабра.
Павел VI стаў першым Пантыфікам, які выступіў з трыбуны ААН, дэманструючы, што Касцёл гатовы служыць міру і раздзяляць з чалавецтвам яго радасці і спадзяванні. Гэты Папа засведчыў адданасць справе міру не толькі дыпламатычнай дзейнасцю, але таксама дыялогам з грамадствам, светам мастацтва, культурны і навукі, барацьбой з беднасцю і няроўнасцю дзеля міру на планеце.
Гаворачы пра ўклад Яна Паўла ІІ, кардынал Паралін падкрэсліў значэнне Сустрэчы за мір у Асізі, якая прайшла ў 1986 г., і звароту Папы да дыпламатаў у 2003 г., напярэдадні вайны ў Іраку, у якім ён падкрэсліў, што вайна заўсёды з’яўляецца паразай для чалавецтва.
Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Caritas in veritate” адзначаў, што ў глабалізаваным грамадстве клопат пра агульнае дабро павінен ахапіць усіх людзей, народы і краіны.
Францішак працягвае падкрэсліваць адзінства чалавечай сям’і, у якой не павінна быць месца для “глабалізацыі абыякавасці”. Важным з’яўляецца не толькі яго заклік да клопату аб супольным доме, але і развейванне ілюзіі, што бяспека нямногіх можа быць захавана пры існаванні несправядлівасці ў адносінах да большасці насельніцтва планеты. Папа развівае “геапалітыку братэрства”, сканцэнтраваную на павазе да тоеснасці, прызнанні адметнасцей і гатоўнасці сумеснага вырашэння праблем, заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.