1559313177434.JPG

Пантыфік: малітва “Ойча наш” – гэта крык аб недахопе любові

Францішак ахвяраваў малітву “Ойча наш” у інтэнцыі “шляху братэрства” ў Румыніі, просячы, “каб краіна магла заставацца ўсеагульным домам, зямлёй сустрэчы, садам, дзе квітнеюць згода і еднасць”.

31 мая 2019 г. у другой палове дня, пасля сустрэч з Патрыярхам Румынскім Даніілам і з членамі Пастаяннага Сінода Румынскай Царквы, Святы Айцец у іх суправаджэнні накіраваўся ў новы праваслаўны кафедральны сабо Збаўлення Народа, дзе разам з мясцовымі вернікамі ўзначаліў сумесную малітву Ойча наш, чаму папярэднічала кароткае разважанне Францішка над яе зместам.

“У малітве Ойча наш заключана нашая ідэнтычнасць дзяцей і – асабліва сёння – братоў, якія моляцца плячо ў плячо. Яна ўтрымлівае пэўнасць абяцання, якое Езус даў сваім вучням: “Не пакіну вас сіротамі” (Ян 14, 18)”, - падкрэсліў Папа.

“Кожны раз, калі кажам Ойча наш, пацвярджаем, што слова Ойча не можа абысціся без слова наш”, - заўважыў Францішак і заклікаў ставіцца да гісторыі жыцця бліжняга як да ўласнай.

“У Цябе, Каторы ёсць у небе, просім таго міру, які на зямлі не здолелі захаваць. (…) Хочам свяціць імя Тваё, ставячы яго ў цэнтры ўсіх нашых інтарэсаў. (…) Чакаем, што прыйдзе Валадарства Тваё: у ім маем патрэбу і яго жадаем, бо бачым, што дынаміка свету яму не спрыяе. Дынаміка, зарыентаваная логікай грошай, інтарэсаў, улады. (…) Дапамажы нам, Ойча, паверыць у тое, аб чым просім: адмовіцца ад выгоднай бяспекі ўлады, ад падманлівых спакусаў свецкасці, ад пустой саманадзейнасці і веры ў самадастатковасць, ад крывадушнай заклапочанасці ілюзорным. Тады не згубім з вачэй тое Валадарства, да якога Ты нас клічаш”, - адзначыў Папа.

Будзь воля Твая – не нашая. (…) Ойча, мы маем патрэбу ў расшырэнні гарызонтаў, каб не змяншаць у нашых абмежаванасцях Тваю міласэрную збаўчую волю, якая хоча ўсё ахапіць”, - працягнуў Святы Айцец.

Па словах Папы, мы кожны дзень маем патрэбу ў Богу – нашым хлебе штодзённым. “Ён – хлеб жыцця (пар. Ян 6, 35. 48), які дазваляе нам адчуць сябе любімымі і насычае кожную нашу адзіноту і сіроцтва. Ён – хлеб служэння, (…) хлеб памяці, ласка ўзмацнення агульных каранёў нашай хрысціянскай ідэнтычнасці”.

Францішак назваў малітву Ойча наш “крыкам нашага часу перад абліччам недахопу любові, перад абліччам індывідуалізму і абыякавасці”, што апаганьваюць Божае імя, і заклікаў Нябеснага Айца дапамагчы “адчуць голад па прынясенні сябе ў дар іншым людзям”.

“Кожны раз, калі молімся, просім, каб нашыя правіны былі прабачаныя. Для гэтага патрэбна мужнасць, бо адначасова і мы намагаемся адпускаць вінаватым нашым. (…) Дапамажы нам, Ойча, не паддавацца страху, не бачыць у адкрытасці небяспеку, мець сілу прабачаць адзін аднаму і рухацца наперад, не задавольвацца спакойным жыццём, але заўсёды шукаць – адкрыта і шчыра – твар свайго брата”, - усклікнуў Францішак.

“І калі злое, затаіўшыся пры дзвярах сэрца (пар. Быц 4, 7), схіліць нас да замкнёнасці ў саміх сабе, калі спакуса ізалявання зробіцца мацнейшай, хаваючы сутнасць граху, які заключаецца ў аддаленасці ад Цябе і ад нашага бліжняга, ізноў дапамажы нам, Ойча”, - завяршыў разважанне Папа.

Малітва Ойча наш была прачытана ў праваслаўным храме спачатку на лацінскай, а потым – на румынскай мовах.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2019, 16:38