Папа: быць вольнымі ад путаў свету і слухаць Святога Духа
Прапануем поўны тэкст разважання Святога Айца:
“Евангелле на гэтую VI Велікодную нядзелю прадстаўляе нам урывак з прамовы, якую Езус скіраваў да апосталаў падчас Апошняй Вячэры (пар. Ян 14,23-29). Ён кажа пра дзейнасць Святога Духа і абяцае: “А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ян 14,26). З набліжэннем гадзіны крыжа, Езус запэўнівае апосталаў, што не застануцца самі: з імі заўсёды будзе Святы Дух, Суцяшальнік, які падтрымае іх у місіі распаўсюджвання Евангелля па ўсім свеце.
У чым заключаецца місія Святога Духа, якога Айцец абяцае ў дар? Пра гэта кажа сам Езус: “Навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам”. На працягу свайго зямнога жыцця, Езус ужо перадаў усё, што хацеў даручыць апосталам: Ён давёў да спаўнення боскае Адкрыццё, гэта значыць усё тое, што Айцец пажадаў сказаць чалавецтву праз уцелаўленне Сына. Заданне Святога Духа заключаецца ў тым, каб нагадваць, гэта значыць дапамагаць цалкам зразумець і весці да канкрэтнага ажыццяўлення тое, чаму вучыў Езус. І менавіта ў гэтым заключаецца таксама місія Касцёла, які яе спаўняе праз дакладны лад жыцця, што характарызуецца пэўнымі патрабаваннямі: верай у Пана і захаваннем Яго слова; паслухмянасцю дзейнасці Святога Духа, якая робіць пастаянна жывым і прысутным Уваскрослага Пана; прыняццем Яго супакою і сведчанне аб ім праз адкрытасць на іншага чалавека і сустрэчу з ім.
Каб ажыццяўляць усё гэта, Касцёл не можа заставацца нерухомым, але, праз актыўны ўдзел кожнага ахрышчанага, пакліканы дзейнічаць як супольнасць, што знаходзіцца на шляху, натхнёная і падтрыманая святлом і сілай Святога Духа, які ўсё робіць новым.
Сёння Пан запрашае нас адкрыць сэрцы на дар Святога Духа, каб вёў нас па шляхах гісторыі. Дзень за днём Ён вучыць нас логіцы Евангелля, логіцы любові, якая прымае, “навучаючы нас усяму” і “нагадваючы нам пра ўсё, што Пан сказаў нам”. Няхай Марыя, якую мы з асаблівай пабожнасцю ўшаноўваем і да якой молімся на працягу гэтага месяца як да нашай нябеснай маці, заўсёды бароніць Касцёл і ўсё чалавецтва. Няхай яна, якая з пакорнай і мужнай верай, цалкам супрацоўнічала са Святым Духам дзеля ўцелаўлення Божага Сына, дапаможа таксама і нам дазволіць Суцяшальніку вучыць і весці нас, каб маглі прыняць Божае слова і сведчыць аб ім нашым жыццём”.
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі Францішак папрасіў маліцца за яго і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.