2019-05-05-viaggio-apostolico-bulgaria-macedo-1557238730220.JPG

Папа да моладзі Паўночнай Македоніі: марце аб вялікім!

Найбольш прыгожыя мары здабываюцца з надзеяй, цярплівасцю і намаганнямі, без спешкі, адзначыў Францішак 7 мая 2019 г., падчас сустрэчы з маладымі вернікамі Паўночнай Македоніі.

Прамове Папы папярэднічалі тры сведчанні: маладой каталіцка-праваслаўнай сям’і, мусульманскага верніка і юнака-католіка. Між іншым, маладыя македонцы запыталіся ў Святога Айца, ці бываюць занадта завышаныя мары. Адказваючы, Францішак заклікаў моладзь Паўночнай Македоніі не баяцца марыць аб вялікім, “станавіцца рамеснікамі мар і надзеі”.

“Адна з галоўных праблем сучаснасці і шматлікіх маладых людзей у тым, што яны страцілі здольнасць марыць. А калі асоба не марыць, гэтая прастора запаўняецца скаргамі і маўклівым прымірэннем са сваёй доляй. (…) Мары дапамагаюць нам падтрымліваць жывой упэўненасць у тым, што іншы свет магчымы і што мы пакліканы ў яго залучацца і быць яго часткай дзякуючы сваёй працы, намаганням і дзейнасці”, - сказаў Францішак.

Ён запэўніў, што не трэба спыняцца з-за няўпэўненасці, не трэба баяцца рызыкаваць і рабіць памылкі. На думку Пантыфіка, усе мы, як вернікі, павінны мець мужнасць быць іншымі, марыць аб тым, чаго гэты свет не прапануе, “сведчыць аб прыгажосці шчодрасці, служэння, чысціні, трываласці, прабачэння, вернасці ўласнаму пакліканню, малітвы, барацьбы за справядлівасць і ўсеагульнае дабро, любові да бедных, грамадскага сяброўства”.

Пры гэтым Францішак перасцярог моладзь ад спакусы ісці за сваімі марамі паасобку. “Марце разам – не паасобку; разам з іншымі – ніколі не насуперак іншым. Паасобку ёсць рызыка мець толькі міражы – бачыць тое, чаго няма; мары ж будуюцца сумесна”, - заўважыў Францішак.

Папа заклікаў моладзь сустракацца “тварам у твар” з іншымі, асабліва з састарэлымі, з дзядулямі і бабулямі – няма лепшага леку ад расчаравання за перайманне вопыту старэйшага пакалення.

“Увайдзіце ў мудрасць свайго народу, без сораму і комплексаў, і знойдзеце крыніцу нечаканай крэатыўнасці, якая ўсё запоўніць, дазволіць вам бачыць дарогі там, дзе іншыя бачаць муры, магчымасці там, дзе іншыя бачаць небяспеку, уваскрашэнне там, дзе многія абвяшчаюць толькі смерць. (…) А калі мары памяншаюцца і здаецца, што сэрца згасае, шукайце супольнасць, бярыце адзін аднаго за руку і нагадвайце адзін аднаму, што ёсць Хтосьці, хто хоча, каб вы жылі!” - пажадаў Святы Айцец моладзі Паўночнай Македоніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 мая 2019, 16:41