Папа пра актуальнасць педагогікі св. Жана Батыста Сальскага
Пантыфік нагадаў пра актуальнасць паслання нябеснага апекуна настаўнікаў, “геніяльнага і творчага наватара”, “піянера ў сферы адукацыі”, якім быў св. Жан Батыст. Застаючыся перакананым, што “адукацыя – гэта права ўсіх, у тым ліку і бедных”, ён адмовіўся ад багатай спадчыны сваёй сям’і і прысвяціў сябе асветніцай працы сярод самых бедных слаёў насельніцтва, заўважыў Папа.
“Каб рэалізаваць свае ідэалы, ён заснаваў супольнасць, у якую ўваходзілі толькі свецкія, з перакананнем, што Касцёл не можа заставацца ў баку ад сацыяльных супярэчнасцей часу, што павінен з імі лічыцца”, - сказаў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што новае Таварыства складалася з кансэкраваных асоб, цалкам пранікнутых сацыяльнай рэчаіснасцю сваёй эпохі.
Св. Жан Батыст Сальскі звяртаў асаблівую ўвагу на падрыхтоўку настаўнікаў, падкрэсліваючы, што “навучанне павінна быць не толькі прафесіяй, але і місіяй”. Акрамя таго, ён увёў важныя змены ў сам педагагічны працэс.
“Ён замяніў лацінскую мову, на якой тады звычайна праходзіла навучанне, на французскую; падзяліў вучняў на аднародныя па ўспрыняцці групы, для больш эфектыўнай працы; стварыў семінарыі для вясковых настаўнікаў, гэта значыць для маладых людзей, якія хацелі стаць настаўнікамі, не ўступаючы ў ніводную з манаскіх супольнасцей; заснаваў нядзельныя школы для дарослых і два пансіянаты: адзін для маладых злачынцаў, а другі – для былых вязняў”, - нагадаў Папа.
Французскі святы “марыў пра школу, адкрытую для ўсіх”, таму не пазбягаў “экстрэмальных адукацыйных патрэб, увёўшы метад рэабілітацыі праз школу і працу”. Ён развіваў “карэкцыйную педагогіку”, якая, “насуперак звычаям той эпохі”, прадугледжвала забеспячэнне моладзі, што знаходзілася ў турме, магчымасцю вучобы і працы.
“Дарагія духоўныя сыны св. Жана Батыста Сальскага, заклікаю вас паглыбляць і наследаваць прыклад яго адданасці апошнім і адрынутым. Па слядах яго апостальскага сведчання, будзьце галоўнымі героямі “культуры ўваскрасення”, асабліва ў экзістэнцыяльным кантэксце, дзе пануе культура смерці”, - заклікаў сваіх гасцей Папа.
Пантыфік заклікаў Братоў Хрысціянскіх Школ з увагай ставіцца да людзей, якія жывуць у сітуацыі заняпаду, нястачы і беднасці, быць гатовымі даць ім надзею.