Папа зрабіў прызначэнні ў сувязі з Сінодам Біскупаў па Амазоніі
Галоўным рэлятарам будзе кардынал Клаўдыё Хумэс, арцыбіскуп-эмерыт Сан-Паўлу і старшыня Панамазонскай Касцёльнай Сеткі, а спецыяльнымі сакратарамі: біскуп Давід Марцінэс дэ Агірэ Гінэа, Апостальскі вікарый Пуэрта Мальданада ў Перу, і кс. Майкл Чэрны, падсакратар у ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Тэмай біскупскага сходу будзе: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”.
Як падкрэсліваецца ў падрыхтоўчым дакуменце Панамазонскага Сінода, адна з задач Асамблеі: вынайсці новую мадэль развіцця, укаранёную ў Евангеллі справядлівасці, у салідарнасці і ўніверсальным прызначэнні даброт, якая б перасягнула ўтылітарысцкую і індывідуалістычную логіку, што адмаўляецца падпарадкоўваць эканамічную і тэхналагічную моц этычным крытэрыям.
У дакуменце падкрэсліваецца, што сёння карэнныя народы Амазоніі з’яўляюцца ахвярамі працяглага ўмяшання чалавека, дзе пераважае “культура адчужэння”, і дамінуючай эканамічнай мадэлі, для якой прыбытак больш важны за чалавечую годнасць.