Францішак: праз малітву Касцёл прамаўляе да сэрца чалавека
28 чэрвеня 2019 г. у ватыканскай зале Паўла VI Пантыфік сустрэўся з 6-тысячнай дэлегацыяй прадстаўнікоў Сусветнай сеткі малітвы Папы. Нагодай стала 175-годдзе з дня заснавання руху і дзясятая гадавіна яго рэарганізацыі.
Заслухаўшы сведчанні асобных прадстаўнікоў Сеткі, Францішак звярнуўся да гасцей з прамовай, у якой падкрэсліў важнасць залучэння людзей да малітвы, бо праз яе Касцёл прамаўляе да сэрца сучаснага чалавека.
“Усе мы, душпастыры, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, пакліканы спусціцца ў канкрэтную гісторыю людзей побач з намі, молячыся за іх, у малітве падзяляючы з імі іх радасці і пакуты. Такім чынам мы адкажам на заклік Езуса адкрыць свае сэрцы на братоў, асабліва тых, якія зносяць фізічныя або духоўныя выпрабаванні”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што асноўная місія Сусветнай сеткі малітвы – гэта праяўленне спагадлівасці да свету.
, - адзначыў Святы Айцец.
Папа выказаў радасць па прычыне таго, што Сусветная сетка малітвы аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, а значыць, моладзь можа браць прыклад веры з людзей старэйшага ўзросту і наследаваць іх шлях малітвы. Ён ухваліў дзейнасць малітоўнага руху ў інтэрнэт-прасторы, выказаўшы перакананне, што “Касцёл павінен адпавядаць часу і выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі”.
Пры гэтым Францішак перасцярог ад неразважлівасці ў гэтай справе, якая можа прывесці да заняволення сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. “Мы не павінны станавіцца заложнікамі сеткі, але “лавіць рыбу”, іншымі словамі, прыцягваць душы, каб весці іх да Пана”, - нагадаў Пантыфік.
Да сваёй рэформы Сусветная сетка малітвы Святога Айца называлася Апостальствам малітвы і на пачатку XX ст. налічвала каля 13 млн вернікаў. Сёння іх колькасць ва ўсім свеце дасягае 35 млн. чалавек.