1559401974491.jpg

Францішак да моладзі і сем’яў: чалавек не можа жыць без любові

Мы становімся шчаслівымі, калі робім шчаслівымі іншых, падкрэсліў Папа падчас марыйнай сустрэчы з моладдзю і сем’ямі. Яна прайшла 1 чэрвеня 2019 г. у румынскім горадзе Ясы.

Францішак выказаў радасць у сувязі з тым, што ў сустрэчы прымалі ўдзел прадстаўнікі розных народаў. “Святы Дух збірае ўсіх нас і дапамагае адкрыць прыгажосць быцця разам, магчымасці сустрэчы, каб крочыць супольна. Кожны са сваёй мовай і традыцыяй, але шчаслівы быць сярод братоў”, - заўважыў ён.

“[Нялёгка крочыць разам, праўда? Гэта дар, аб якім мы павінны прасіць, гэта праца, якую мы павінны рабіць і скарб, які павінны перадаваць!]”

, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра важнасць захавання каранёў і перадачы веры ў сям’і. “Не забывай пра тваю маці і бабулю, а таксама пра тую простую, але моцную веру, якая характарызавала іх і давала ім сілу і пастаянства, каб крочыць наперад і не апускаць рукі”, - заклікаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што вера “не вельмі цэніцца на біржы”, але яна спрыяе будаванню Божага Валадарства і стымулюе любоў. “Мы ўсе квітнеем, калі адчуваем сябе любімымі, бо любоў пускае карані і заклікае нас пусціць іх у жыццё іншых. (...) Мы прыналежым адно аднаму, а асабістае шчасце праходзіць праз чыненне шчаслівымі іншых. Усё іншае – казкі”, - падкрэсліў Папа.

Францішак спаслаўся на прароцтва аднаго святога румынскага пустэльніка, які, на пытанне пра тое, калі наступіць канец свету, адказаў: “Калі зарастуць сцяжынкі паміж суседзямі”.

“[Гэта значыць, калі больш не будзе хрысціянскай любові і разумення паміж братамі, сваякамі, хрысціянамі і народамі! Калі людзі перастануць любіць адно аднаго, тады наступіць канец свету, бо без любові і без Бога, ніводны чалавек не можа жыць на зямлі!]”

, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на вялікую колькасць “правакацый”, якія могуць “прывесці да роспачы і прымусіць закрыцца ў сабе”. Перад абліччам гэтых небяспекаў, вера заўсёды дапамагае чалавеку дарыць іншым лепшае з сябе.

Францішак заклікаў перадаваць веру не толькі на словах, але з дапамогай жэстаў, позірку, пяшчотнасці, прастаты і шчырасці. Ён заахвоць слухаць там, дзе ёсць шмат шуму; ствараць гармонію там, дзе ёсць хаос; несці яснасць туды, дзе ёсць неадназначнасць; несці дзяленне туды, дзе ёсць адчужэнне; даваць прыярытэт міру там, дзе ёсць агрэсія; несці праўду туды, дзе ёсць фальш; ва ўсім аддаваць перавагу адкрыццю шляхоў, якія дапамогуць людзям адчуваць сябе дзецьмі і братамі.

Пасля марыйнай сустрэчы ў Ясах Папа накіраваўся ў мясцовы аэрапорт, адкуль вылецеў у Бухарэст.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 чэрвеня 2019, 18:17