Францішак сустрэўся з душпастырамі, якія працуюць у партах
Звяртаючыся да сваіх гасцей Папа зазначыў, што марская апостальская служба дзейнічае ў больш чым 300 партах ў 55 краінах свету, “прапануючы духоўную і матэрыяльную дапамогу шматлікім маракам, рыбакам і іх сем’ям”.
Святы Айцец падкрэсліў, што больш за 90% усіх тавараў на планеце транспартуецца марскімі суднамі, таму “залежнасць нашага грамадства ад марской індустрыі з’яўляецца бясспрэчнай”. “Без маракоў глабальная эканоміка спынілася б, а без рыбакоў многія часткі свету пакутавалі б ад голаду”, - дадаў ён.
Звяртаючы ўвагу на цяжкасці, злоўжыванні, несправядлівасць, з якімі сустракаюцца людзі мора, Францішак адзначыў фундаментальную важнасць працы душпастыраў. “Вашы штодзённыя візіты на караблі дазваляюць вас сустракаць людзей мора ў іх канкрэтнай рэальнасці, якая часам бывае бестурботнай, часам – неспакойнай, а часам – трывожнай. Таму са спагадай і далікатнасцю давайце ім магчымасць адкрыць сэрцы...”, - заклікаў ён, звяртаючы ўвагу на важнасць умення слухаць.
Чарговае заданне – канкрэтная дзейнасць на карысць маракоў, рыбакоў і іх сем’яў. Францішак заклікаў умацаваць намаганні, накіраваныя на барацьбу з гандлем людзьмі, прымусовай працай, парушэннем правоў чалавека, а таксама працоўных правоў мужчын і жанчын, якія працуюць у моры.
“Ваша праца можа дапамагчы іх не здавацца перад абліччам нестабільнага, а часам пазначанага эксплуатацыяй, жыцця. Ваша прысутнасць у партах, малых і вялікіх, ужо сама па сабе павінна быць напамінам пра айцоўства Бога і пра той факт, што для Яго мы ўсе з’яўляемся дзецьмі і братамі; напамінам пра каштоўнасць чалавечай асобы, якая стаіць перад любой выгадай і вышэй за яе...”, - заўважыў Пантыфік.
Францішак заклікаў марскіх капеланаў заставацца сведкамі Божай міласэрнасці ў свеце.