1560325428887.jpg

Пантыфік: адзінства прапісана ў ДНК хрысціянства

Не баяцца разнастайнасці, не прывязвацца да рэчаў і быць сведкамі Бога, - заклікаў вернікаў Пантыфік, сабраных 12 чэрвеня 2019 г. на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Дзеям Апосталаў, кнізе, дзе апісана гісторыя “падарожжа” Евангелля па свеце.

“Усё пачынаецца з уваскрасення Хрыста. Яно, па сутнасці, з’яўляецца не толькі адной з многіх падзей, але крыніцай новага жыцця. Вучні ведаюць гэта і – паслухмяныя загаду Езуса, – застаюцца паяднанымі, адзінадушнымі і настойлівымі ў малітве. Яны збіраюцца ля Марыі, Маці, і рыхтуюцца прыняць Божую моц не пасіўна, але ўмацоўваючы камунію паміж сабой”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў балючую гісторыю Юды. “Ён ужо раней пачаў адлучацца ад камуніі з Панам і іншымі, дзейнічаць у адзіночку, ізалявацца, прывязвацца да грошай аж да эксплуатацыі бедных, губляць з вачэй перспектыву бескарыслівасці і ахвяравання сабой, і, нарэшце, дазволіў вірусу пыхі заразіць розум і сэрца, ператварыўшыся з “сябра” (Мц 26,50) у ворага і “правадыра тых, хто схапіў Езуса (Дз 1,17)”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што Юда атрымаў вялікую ласку ўвайсці ў групу блізкіх да Езуса людзей і ўдзельнічаць у Яго служэнні, але ў нейкі момант вырашыў “уратаваць” сваё жыццё, а ў выніку страціў яго (пар. Лк 9,24).

“[Ён перастаў належаць да Езуса сэрцам і выйшаў з камуніі з Ім і з сваімі. Ён перастаў быць вучнем і паставіў сябе вышэй за Настаўніка]”

, - сказаў Пантыфік.

“Калі Юда аддаў перавагу смерці, а не жыццю (Дрг 30,19; Сір 15,17) і наследаваў прыклад бязбожных, жыццё якіх пакрытае цемрай і вядзе да падзення (пар. Прып 4,19; Пс 1,6), Адзінаццаць выбралі жыццё і благаслаўленне, становячыся асабіста адказнымі за тое, каб дазволіць яму цячы па гісторыі, з пакалення ў пакаленне, ад ізраільскага народа да Касцёла”, - заўважыў Святы Айцец.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

З адыходам Юды на целе супольнасці ўтварылася рана і ўзнікла неабходнасць перадаць яго месца іншаму. Пётр вызначыў патрабаванні: новая асоба павінна быць вучнем Езуса ад самага пачатку, ад хросту ў Ярдане і да канца, да Унебаўшэсця (пар. Дз 1,21-22). Урэшце, “пачаўся працэс калектыўнага распазнання, які заключаецца ў тым, каб паглядзець на рэчаіснасць вачыма Бога, праз прызму еднасці і адзінства”, - нагадаў Папа.

Уся супольнасць пачала маліцца, а потым, праз лёсы, Пан указаў на Мацея, які ў выніку далучыўся да Адзінаццаці.Такім чынам цела Дванаццаці было адноўлена, на знак таго, што адзінства перамагае падзелы, ізаляцыю, ментальнасць, якая абсалютызуе прыватную прастору, на знак таго, што камунія – гэта першае сведчанне, якое даюць апосталы. Езус казаў: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13,35).

Паводле Францішка, праз ласку еднасці вучні дазваляюць заззяць не сваёй меркаванай дасканаласці, але Таму, Які цяпер жыве па-новаму сярод свайго народа: Пану Езусу.

“[Апосталы выбіраюць жыццё пад уладай Уваскрослага ў еднасці паміж братамі, якая становіцца адзінай магчымай атмасферай сапраўднага дару сябе]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

“І нам неабходна нанова адкрыць для сябе прыгажосць сведчання аб Уваскрослым, пазбягаючы самадастатковасці, адмаўляючыся ад стрымлівання Божых дароў і не паддаючыся павярхоўнасці. Уз’яднанне апостальскай калегіі паказвае, што ў ДНК хрысціянскай супольнасці прапісаны адзінства і свабода ад саміх сябе, якія дазваляюць не баяцца разнастайнасці, не прывязвацца да рэчаў і дароў і станавіцца martyres – яскравымі сведкамі Бога жывога, Які дзейнічае ў гісторыі”, - сказаў Папа.

У другой частцы агульнай аўдыенцыі Францішак прывітаў групы пілігрымаў, сабраныя на плошчы св. Пятра. Ён нагадаў, што 13 чэрвеня будзе адзначацца ўспамін св. Антонія Падуанскага і пажадаў вернікам, каб яго заступніцтва дапамагло адчуць палёгку, якую дае Божая міласэрнасць.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 чэрвеня 2019, 11:39