Пантыфік пра місію паштовай і тэлефоннай службаў Ватыкана
Сустрэча адбылася 6 чэрвеня 2019 г. у Клементыйскай Зале Апостальскага палацу.
“Праз вашу каштоўную працу, кожны дзень вялікая колькасць людзей “дасягае” Папы і ён, у тым ліку праз сваіх супрацоўнікаў, “дасягае” вялікага мноства людзей. Гэты камунікацыйны ўзаемаабмен не ведае адлегласці; ён адказвае на прыродную патрэбу людзей ствараць чалавечыя кантакты; і, у першую чаргу, ён уваходзіць ва ўсе дамы, служачы багатым і бедным. У сувязі з гэтым мне прыемна ўзгадаць старажытны надпіс, які размяшчаўся на паштовай скрынцы Папскай дзяржавы: “Diviti et inopi, ultro citroque, meandum”, што значыць: “Трэба, каб дайшло да багатага і да беднага, усюды”, - сказаў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што супрацоўнікі пошты і тэлефаністы спрыяюць дзяленню пачуццямі і ідэямі, садзейнічаюць узаемнаму разуменню і супрацоўніцтву, аблягчаюць абмен таварамі, а таксама духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі.
“У гэтым сэнсе, паштовая і тэлефонная службы адной з самых маленькіх дзяржаў у свеце падтрымліваюць распаўсюджванне хрысціянскага паслання. Гаворка ідзе пра дзейнасць, у якую вы ўключаны і ў якой вы ўсе важныя, паколькі добрая праца пошты і тэлефонаў, вы гэта цудоўна ведаеце, залежыць ад укладу кожнага”, - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак заклікаў сваіх гасцей даваць хрысціянскае сведчанне заўсёды, калі кантактуюць з людзьмі, а таксама нагадаў, што праца ў Ватыкане прадугледжвае вялікую адказнасць за ўмацаванне ўласнай веры.
“У сувязі з гэтым, акрамя актыўнага ўдзелу ў жыцці вашых парафіяльных супольнасцей, каштоўную дапамогу вам могуць прынесці цэлебрацыі і духоўная фармацыя, што прапануюць вашы духоўныя асістэнты, якім дзякую за іх адданасць. Асаблівым чынам запрашаю вас рабіць так, каб кожная ваша сям’я станавілася “маленькім Касцёлам”, у якім вера і жыццё сустракаюцца ў радасных і сумных штодзённых падзеях”, - заахвоціў Папа работнікаў ватыканскіх паштовай і тэлефоннай службаў.