2018-06-28-federazione-italiana-nuoto-cpf-1530178160246.JPG

Папа да праваслаўных: камунія ў легітымных формах разнастайнасці

28 чэрвеня 2019 г. Францішак сустрэўся з праваслаўнай дэлегацыяй, якую Канстантынопальскі Патрыярх накіраваў у Ватыкан на святкаванне ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

“Ваша прысутнасць сведчыць пра трывалыя сувязі паміж Рымскай і Канстантынопальскай Цэрквамі і пра нашы агульныя намаганні па дасягненні паўнаты камуніі, да якой мы імкнёмся, падпарадкоўваючыся выразнай волі Езуса (Ян 17, 21)”, - заўважыў Папа.

Ён дадаў, што ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў той жа дзень у літургічных календарах Усходу і Захаду, запрашае да ажыўлення любові, што спараджае адзінства паміж хрысціянамі. Таксама свята нагадвае пра неабходнасць “апостальскай мужнасці прапаведавання”, якая ўключае ў сябе “рэакцыю на новыя выклікі сучаснасці” ў вернасці Евангеллю.

Пантыфік прызнаўся, што горача падтрымлівае прыхільнасць Канстантынопальскага Патрыярха ахове стварэння; гэта стаўленне было крыніцай натхнення і для яго. “Улічваючы трывожны экалагічны крызіс, які мы перажываем, садзейнічанне клопату пра наш агульны дом – гэта не толькі для нас, вернікаў, але і для ўсіх, настойлівая і неадкладная патрэба, а таксама канкрэтны спосаб служэння бліжняму ў духу Евангелля”, - сказаў ён.

У якасці станоўчага знака, Пантыфік разглядае супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла з Сусветным Патрыярхатам па іншых своечасовых пытаннях, такіх як барацьба з сучаснымі формамі рабства, неабходнасць прыняцця і інтэгравання мігрантаў, перасяленцаў і бежанцаў, а таксама садзейнічанне міру на розных узроўнях.

Францішак узгадаў свае нядаўнія падарожжы ў праваслаўныя Балгарыю і Румынію, дзе яму было прыемна сустрэцца з Патрыярхамі Неафітам і Даніілам і Сінодамі Цэркваў. Ён спаўна змог ацаніць духоўнае багацце, якое прысутнічае ў праваслаўі. “Я ўсё больш перакананы, што аднаўленне поўнага адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі будзе дасягнута шляхам павагі да адмысловай ідэнтычнасці і гарманічнага суіснавання ў законных формах разнастайнасці. (...) Будучы Біскупам Рыма, я хацеў бы пацвердзіць, што для нас, католікаў, мэта дыялогу заключаецца ў поўнай камуніі ў легітымных формах разнастайнасці, а не ў аднастайным выраўноўванні ці тым больш у паглынанні”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён звярнуў увагу, што каштоўнасць каталіцка-праваслаўных сустрэч у дзяленні сваімі каранямі, адкрыцці таго добрага, што пасеяў і стварыў Пан у кожным, дапамозе адзін аднаму не баяцца дыялогу, канкрэтным супрацоўніцтве. “Скандал падзелаў, не вылечаных цалкам, можа быць спынены выключна ласкай Божай, калі мы будзем ісці разам, суправаджаючы малітвай крокі адзін аднаго, абвяшчаючы Евангелле ў гармоніі, служачы тым, хто мае патрэбу, ведучы дыялог у праўдзе, не дазваляючы сабе заставацца пад уплывам мінулых забабонаў”, - сказаў Пантыфік. На яго думку, менавіта шчырасць і празрыстасць, якія любіць Бог, дазволяць католікам і праваслаўным “набліжацца адзін да аднаго і больш поўна разумець сваю ўласную ідэнтычнасць”, усведамляць той факт, што ў нас больш таго што аб’ядноўвае.

Францішак папрасіў праваслаўную дэлегацыю “перадаць сардэчнае братэрскае прывітанне” Патрыярху Барталамею І і членам Святога Сінода і “захаваць для яго месца ў сваіх малітвах”. “Няхай Бог Усемагутны і Міласэрны праз заступніцтва святых апосталаў Пятра, Паўла і Андрэя, брата Пятра, благаслаўляе і падтрымлівае нашы намаганні на шляху да поўнай камуніі”, - завяршыў сваю прамову Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2019, 12:17