Святы Айцец абнародаваў пасланне на Сусветны дзень місій
Дакумент пад назвай “Ахрышчаныя і пасланыя: Хрыстовы Касцёл на місіі ў свеце”, быў апублікаваны 9 чэрвеня 2019 г.
Пасланне пачынаецца са згадкі пра абвешчаны ў Касцёле Надзвычайны місійны месяц, які пройдзе ў кастрычніку 2019 г. і, такім чынам, адзначыць стагоддзе апублікавання Апостальскага ліста “Maximum illud” папы Бэнэдыкта XV (30 лістапада 1919).
Францішак прызнаецца, што прароцкая дальнабачнасць яго папярэдніка пераконвае ў тым, “наколькі яшчэ і сёння важна абнаўляць місійную руплівасць Касцёла, перакваліфікоўваць у евангельскім значэнні яго місію абвяшчэння і нясення свету збаўлення Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага”.
Назва дакумента цалкам паўтарае дэвіз Надзвычайнага місійнага месяца. Пантыфік выказаў надзею, што “святкаванне гэтага месяца дапаможа адшукаць місійны сэнс нашай прыналежнасці да веры ў Езуса Хрыста, веры, задарма атрыманай як дар у сакрамэнце хросту”.
Нашая сыноўская прыналежнасць да Бога – ніколі не індывідуальная, але заўсёды эклезіяльная справа, сцвярджае Францішак у пасланні.
, - перасцерагае ён.
Папа ў чарговы раз паўтарае, што “Касцёл у руху ажно да самых крайніх межаў мае патрэбу ў нязменным і пастаянным місійным навяртанні”, і цытуе заклік “Maximum illud” – “Няхай жа чалавек Божы прапаведуе Бога”. Па яго словах, гэты наказ непасрэдна датычыць кожнага ахрышчанага. “Ніхто не марны і не нязначны для Божай любові. Усе мы – гэта місія ў свеце, таму што кожны з’яўляецца плёнам Божай любові”, - падкрэслівае Святы Айцец.
Вялікай пагрозай для місійнай дзейнасці Пантыфік называе шырока распаўсюджаны секулярызм, які, калі адмаўляе дзейснае айцоўства Бога ў нашай гісторыі, перашкаджае любому аўтэнтычнаму і ўніверсальнаму братэрству. Без Езуса Хрыста любое адрозненне зводзіцца да пякельнай пагрозы, робячы немагчымым братэрскую гасціннасць і плённае адзінства чалавецтва, перасцерагае Францішак.
У пасланні Папа нагадвае, што Надзвычайны місійны месяц і Сусветны дзень місій пройдуць у Касцёле адначасова з Сінодам Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, і гэты факт, па яго словах, павінен дапамагчы ўсвядоміць, наколькі місія, даручаная нам Езусам, актуальная для зямель і карэнных народаў Амазоніі.
“Абноўленая Пяцідзясятніца шырока расчыняе дзверы Касцёла, каб ніводная культура не засталася закрытай у сабе і ніводны народ не быў ізаляваны, але адкрыты на ўніверсальнае адзінства веры”, - адзначыў Францішак.
Сусветны дзень місій адзначаецца кожную трэцюю нядзелю кастрычніка. Сёлета ён пройдзе 20 кастрычніка. У гэты дзень ва ўсіх парафіях свету збіраюцца ахвяраванні на душпастырскую дзейнасць святароў, законных асоб і свецкіх вернікаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях.