Папа абнавіў склад Калегіі па цяжкіх кананічных злачынствах
Новымі членамі Калегіі сталі: арцыбіскуп Філіпа Янонэ, біскуп Андрэа Мільявака, біскуп Эджыдзіа Міраголі, арцыбіскуп Карла Рабэрта Марыя Рэдаэлі, арцыбіскуп Артур Рошэ, біскуп П’ер Антоніа Паванэла і арцыбіскуп Кірыл Васіль. Папа прызначыў таксама замяшчаючым членам структуры арцыбіскупа Хасэ Луіса Малагана.
Калегія па цяжкіх кананічных злачынствах пры Кангрэгацыі Веравучэння была заснавана Францішкам у лістападзе 2014 г. У яе кампетэнцыю ўваходзіць разгляд кананічных злачынстваў сур’ёзнай натуры, якія былі здзейнены супраць маралі або адносяцца да надужыванняў у здзяйсненні сакрамэнтаў, аб якіх гаворыцца ў 1-6 параграфах Апостальскага ліста Яна Паўла ІІ “Sacramentorum Sanctitatis Tutela”.
Кананічныя правапарушэнні, зарэзерваваныя выключна для разгляду Кангрэгацыяй Веравучэння, датычаць чынаў, скіраваных супраць святасці Найсвяцейшага Сакрамэнту, сакрамэнту Эўхарыстыі і сакрамэнту пакаяння. Таксама да кампетэнцыі ватыканскай дыкастэрыі адносяцца цяжкія злачынствы супраць маральнасці, напрыклад, злоўжыванні адносна непаўналетніх.