Пантыфік заклікае прысвяціць жнівень малітве за сем’і
Інтэнцыю Францішак абвясціў у відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай малітоўнай сеткай. 1 жніўня 2019 г. гэты запіс распаўсюдзіў Vatican News праз свой канал у “YouTube”.
Сем’і, на думку Святога Айца, увасабляюць “найлепшую спадчыну з магчымых”, якую можам пакінуць свету і будучыні. Таму Пантыфік заклікае клапаціцца пра іх і маліцца аб усім, што спрыяе ператварэнню сем’яў у “майстэрні чалавечнасці”.
Згодна з апошнімі афіцыйнымі справаздачамі, у краінах Еўрасаюзу 16% сем’яў – няпоўныя. У ЗША назіраецца рост колькасці асоб, якія жывуць адны (20%). У краінах Лацінскай Амерыкі каля 35% пар жывуць па-за шлюбам.
У гэтым кантэксце з асаблівай яскравасцю выяўляецца актуальнасць малітоўнай інтэнцыі Святога Айца. Яго пасланне – гэта заклік, каб сем’і прысвячалі сябе дыялогу, супрацоўніцтву і сумеснаму правядзенню часу, каб вучыліся прымаць і прабачаць, бо сем’і, заўважае Пантыфік, – гэта “першае месца, дзе чалавек вучыцца любіць”.
У той жа час, ён звяртае ўвагу на небяспеку “празмернага індывідуалізму, які скажае сямейныя сувязі і прыводзіць да ўспрыняцця кожнага кампанента сям’і як асобнага вострава”, рызыкуючы стварыць “дынаміку нецярпімасці і агрэсіўнасці”.
Таму ў сваёй жнівеньскай малітоўнай інтэнцыі Францішак нагадвае пра важнасць, якую прадстаўляе для кожнай сям’і жыццё ў малітве і любові, на ўзор Езуса Хрыста: гэта неабходная ўмова для духоўнага росту чалавека і сям’і ў цэлым.