Пантыфік занепакоены пажарамі ў Амазоніі
Папа моліцца за хуткае спыненне пажараў у Амазоніі. Адмысловы заклік ён скіраваў падчас малітвы “Анёл Панскі”, 25 жніўня 2019 г. у Ватыкане.
Ян Мойсік - Ватыкан
“Мы ўсе занепакоеныя велізарнымі пажарамі, якія разгарнуліся ў Амазоніі. Памолімся каб, з намаганнямі ўсіх, яны былі як мага хутчэй пагашаны. Лёгкія пушчы з’яўляюцца жыццёва важнымі для нашай планеты”, - сказаў Папа.
Рада Біскупаў Лацінскай Амерыкі “CELAM” заклікала, асабліва Бразілію і Балівію, а таксама міжнародную супольнасць і ААН прыняць усе магчымыя меры адносна хуткага пагашэння лясных пажараў у Амазоніі. Акрамя таго, біскупы выказалі салідарнасць з карэннымі народамі, якія жывуць у рэгіёнах, пацярпелых ад пажараў. “Салідарнасць і хуткая дапамога сусветнай супольнасці неабходныя, каб спыніць далейшае разбурэнне”, - напісалі біскупы.
25 жніўня 2019, 12:11