Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прывітаў удзельнікаў Сінода метадыстаў і вальдэнсаў

Мы пакліканы да “ўзаемнага пазнання, разумення і супрацоўніцтва, каб быць сведкамі Езуса і Яго Евангелля любові”, - напісаў Францішак у пасланні да прадстаўнікоў Саюза метадыстаў і вальдэнсаў.

Ліст Пантыфіка прымеркаваны да адкрыцця штогадовага Сінода гэтых Цэркваў, які распачаўся 25 жніўня 2019 г. у мястэчку Торэ-Пэлічэ італьянскай правінцыі Турын. Сход будзе працягвацца пяць дзён.

“Малюся за ўсіх вас, каб у гэтыя дні сустрэчы, малітвы і разважанняў вы зазналі жывую прысутнасць Духа Святога, які ажыўляе і надае моц хрысціянскаму сведчанню. Далучаюся таксама да вашай малітвы, просячы Пана аб умацаванні экуменічнага духу паміж хрысціянамі і ўзрастанні еднасці паміж нашымі Цэрквамі”, - запэўніў Папа.

“Як вучні Хрыста, мы можам прапанаваць сумесныя адказы на пакуты, якія прыгнятаюць многіх людзей, асабліва самых бедных і слабых, і пашыраць тым самым справядліваць і мір”, - выказаў перакананне Пантыфік.

180 душпастыраў і свецкіх вернікаў з усёй Італіі сабраліся, каб шляхам сумеснай малітвы і дыялогу вызначыць далейшыя напрамкі дзейнасці Цэркваў, да якіх прыналежаць. У якасці назіральніка ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі на Сінодзе прысутнічае біскуп Амброджа Спрэафіка, старшыня Камісіі па пытаннях экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу.

Сінадальная Асамблея, найвышэйшы кіраўнічы орган Саюза метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў, завяршыць сваю працу 30 жніўня 2019 г. У гэты дзень будуць праведзеныя выбары на адміністрацыйныя і выканаўчыя пасады ў структуры Саюза.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 жніўня 2019, 11:28