Папа прывітаў удзельнікаў Сінода метадыстаў і вальдэнсаў
Ліст Пантыфіка прымеркаваны да адкрыцця штогадовага Сінода гэтых Цэркваў, які распачаўся 25 жніўня 2019 г. у мястэчку Торэ-Пэлічэ італьянскай правінцыі Турын. Сход будзе працягвацца пяць дзён.
“Малюся за ўсіх вас, каб у гэтыя дні сустрэчы, малітвы і разважанняў вы зазналі жывую прысутнасць Духа Святога, які ажыўляе і надае моц хрысціянскаму сведчанню. Далучаюся таксама да вашай малітвы, просячы Пана аб умацаванні экуменічнага духу паміж хрысціянамі і ўзрастанні еднасці паміж нашымі Цэрквамі”, - запэўніў Папа.
“Як вучні Хрыста, мы можам прапанаваць сумесныя адказы на пакуты, якія прыгнятаюць многіх людзей, асабліва самых бедных і слабых, і пашыраць тым самым справядліваць і мір”, - выказаў перакананне Пантыфік.
180 душпастыраў і свецкіх вернікаў з усёй Італіі сабраліся, каб шляхам сумеснай малітвы і дыялогу вызначыць далейшыя напрамкі дзейнасці Цэркваў, да якіх прыналежаць. У якасці назіральніка ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі на Сінодзе прысутнічае біскуп Амброджа Спрэафіка, старшыня Камісіі па пытаннях экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу.
Сінадальная Асамблея, найвышэйшы кіраўнічы орган Саюза метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў, завяршыць сваю працу 30 жніўня 2019 г. У гэты дзень будуць праведзеныя выбары на адміністрацыйныя і выканаўчыя пасады ў структуры Саюза.