Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: храналогія візітаў на афрыканскі кантынент

Мазамбік, Мадагаскар і Маўрыкій папоўняць спіс афрыканскіх краін, якія наведаў Францішак. У мінулыя гады ён пабываў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Кеніі, Угандзе, Егіпце і Марока.

Упершыню Францішак ступіў на афрыканскую зямлю ў 2015 г.: з 25 па 30 лістапада Святы Айцец наведаў Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. У сталіцы апошняй, горадзе Бангі, дзе шмат гадоў лютавала грамадзянская вайна, Пантыфік распачаў Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, адкрыўшы Святыя Дзверы мясцовага катэдральнага касцёла.

Другую пілігрымку на афрыканскі кантынент Святы Айцец ажыццявіў у 2017 г. 28-29 красавіка ён знаходзіўся з Апостальскім візітам у Егіпце. Гэтае падарожжа мела не меншую гістарычную значнасць: падчас яго Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ падпісалі сумесную дэкларацыю аб працягу шляху да поўнай эўхарыстычнай еднасці і адзінства паміж Цэрквамі. Акрамя таго, падчас свайго знаходжання ў Каіры Святы Айцец нанёс візіт у мусульманскі ўніверсітэт Аль-Азхар, дзе выступіў з прамовай, у якой падкрэсліў важнасць дыялогу паміж рэлігіямі.

Трэцяе Апостальскае падарожжа ў Афрыку Францішак ажыццявіў зусім нядаўна: 30-31 сакавіка 2019 г. ён наведаў Марока. Там Папа і мараканскі кароль Мухамед VI падпісалі сумесную дэкларацыю аб Іерусаліме, у якой заклікалі захаваць Святы Горад “як агульную спадчыну чалавецтва і, асабліва для вернікаў трох монатэістычных рэлігій, як месца сустрэчы і сімвал мірнага суіснавання, дзе развіваюцца ўзаемапавага і дыялог”.

Чарговы візіт Францішка на афрыканскі кантынент распачаўся сёння і будзе працягвацца тыдзень. У бліжэйшыя дні Пантыфіка чакаюць у Мазамбіку, на Мадагаскары і Маўрыкіі. Раней, каментуючы гэтую паездку, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін падкрэсліў, што галоўная мэта Святога Айца – заклікаць мясцовыя народы да міру, клопату пра навакольнае асяроддзе і да пашырэння культуры сустрэчы.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 верасня 2019, 13:11